Читать «Пад страхам смерці» онлайн - страница 180
Жорж Сімэнон
Разумееце цяпер маё параўнанне раманіста з богам-бацькам?
У шаснаццаць гадоў я аб'явіў сябрам:
— У трыццаць я напішу свой першы раман!
У трыццаць я задаволіўся тым, што сказаў:
— Сваім першым раманам я буду лічыць той, які напішу ў сорак гадоў.
Ну а ў сорак... Цяпер мне сорак трэці, і я ўсё адсоўваю назначаны тэрмін, бо чым больш сталею, тым больш разумею ўсю пыхлівасць сваіх намераў.
Першы раман? Можа, я напішу яго ў пяцьдзесят, а можа, пазней, калі буду жывы; толькі дзеля гэтага мне і хочацца жыць, і толькі таму я зайздрошчу Гётэ, ягонай плённай старасці. У яго быў час акрэсліць усю лінію і замкнуць круг. Паэт можа памерці малады: у паэзіі няма ўзросту, яна ўваходзіць у нас, калі мы яшчэ падлеткі, можа, нават калі яшчэ зусім дзеці — ды што я кажу, яна звязаная з дзяцінствам таямніцаю... А раман — гэта цяжар, гэта сусвет, які могуць трымаць толькі моцныя плечы.
Вы хочаце, каб я вам расказаў, як я пішу раман? Вымушаны папярэдзіць, што гэта ні ў якім разе нельга ўспрымаць як рэцэпт, бо ў кожнага аўтара свой метад, які адпавядае ягонаму тэмпераменту ці, калі выкарыстоўваць слова, якое я не надта люблю, ягонаму натхненню. Скарыстаўшы выпадак, я хацеў бы абвергнуць адну легенду. У мяне часта высакамерна пытаюцца:
— Вы хутка пішаце?
— Вельмі.
— Здаецца, за месяц раман?
— Не, за адзінаццаць дзён*.
— Усё правільна! Усё правільна!
Мой суразмоўца трыумфуе. Ён мяне не чытаў. А цяпер ён атрымаў пацвярджэнне, што мяне і чытаць няварта, бо раман, напісаны за адзінаццаць дзён, можа належаць толькі да сама нізкасортнай прадукцыі.
Не думайце, што я перабольшваю. Многія крытыкі гэтак жа прадузята настроены супраць аўтараў, якія пішуць хутка, але гэта сведчыць, што яны блага знаёмыя з гісторыяй літаратуры. Не, яны, канечне, ведаюць, што вялікі Бальзак вельмі часта выдаваў за ноч па сорак старонак. Але яны могуць палічыць Бальзака нейкай пачвараю, а то і аўтарам народных раманаў.
Ну, а Стэндаль? Вось ужо хто з'яўляецца, і зусім справядліва, літаратарскім аўтарытэтам. Аднак Стэндаль напісаў «Пармскі манастыр», у якім амаль тысяча старонак, калі я не памыляюся, менш як за паўтара месяца*.
Гюго закончыў «Марыён Дэлорм» за дзевяць дзён, іншыя п'есы забіралі ў яго таксама менш як месяц, і кожнае раніцы, перш чым заняцца штодзённымі справамі, ён пісаў па сотні радкоў вершаў.