Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 72

Алесь Жук

Аксанін бацька, паголены, чырвоны, чысты з твару, у белай сарочцы, зашпіленай на ўсе гузікі, у суконным шарсцяным цёмна-сінім двухбортным пінжаку, як рыжык, моцна сядзеў за сталом. I па тым, як сядзеў ён, і як гаварыў, і нават як закусваў, чутно і відно было, што ён не альбы-хто і што без павагі да яго тут ніяк нельга.

— А, і ты лёгкі на паміне! Ну давай, давай сюды! — Бацька перастаў абдымаць госця, махнуў рукою Мішку.

Аксанін бацька мякка, але настойліва супакоіў яго, пасадзіў на месца, прыветна ўсміхнуўся Мішку.

— Сядай за стол, Міша. Я вот прыехаў, у госці завярнуў,— ён сам наліў Мішку чарку.

— Ты ў мяне глядзі, я, калі што якое! — парываўся нешта сказаць Мішку бацька, але госць зноў супакоіў яго, падклаў на талерку агурок.

Маці толькі снавала ля стала, дакорліва паглядзела на Мішку.

Толькі пасля трэцяе чаркі, калі Мішка зусім зразумеў, што Аксанін бацька тут не проста так, сам ён і сказаў:

— Тут такое дзела, Міхаіл. Я думаў, Аксана табе сказала і ты дома перагаварыў, а можа, і не адважыўся. Дзела маладое,— ён па-свойску падміргнуў Мішку.— Ну вот, я думаю, заеду і заадно са сватамі дагаворымся, калі што і як зладзім. А то ж нягожа, табе ў армію, дзеўка дзіця родзіць незамужняю.

— Вы пра каго? — па-дурному вырвалася ў Мішкі, і ён не заўважыў, як само сабою ўзяў на відэлец кавалак мяса з госцевае талеркі.

— Ну, ты ж сам памятаеш... Гм, адным словам, мы тут з тваімі бацькамі пагаварылі і рашылі, што другое рады вам няма, як ажаніцца. Я ж думаў, ты не проціў, Аксана не проціў, а мы ўжо са сватам музыку ноймем, гарэлкі выжанам,— Мікалай весела прыабняў, паляпаў па плячах Мішкавага бацьку.

— Сынок, мы ж Мікалая ведаем, тут трэба толькі па совесці,— умяшапася ў гаворку маці.— Гулялі разам, тваё дзіця будзе, што ж тут гаварыць.

— Давай, зяцёк, яшчэ па кроплі, ды мо падвязеш мяне дадому, а то я ўжэ п’яны сёння, што і не дайду.

Вочы цесцевы былі прыжмураны. Мішка цяпер ужо ведае, што цесць ніколі такі п’яны не бывае, каб не магчы ці не помніць таго, што яму трэба.

Ён завёз будучага цесця дадому, таксама падпіты і вясёлы. Вечарам лашчыў Аксану і мілаваў, як ніколі, застаўся ў яе да раніцы, бо Мікалай загадаў паслаць ім пасцель у другой хаце...

***

Вяселле яны згулялі перад маем. Аксана так і не нарадзіла, пакуль ён быў у арміі. Дачка нарадзілася пасля таго, як ён вярнуўся. Цяпер, калі многае дала армія, калі сам пасталеў і на многае глядзіцца па-іншаму, Пракаповіч ведае, чаму тады цесць справіў ім вяселле.

Пракаповіч уляцеў у вёску, як мог уехаць на машыне толькі ён — каб можна было пазнаць каму хочаш і здалёку, круцянуў да цесцевых варотаў, затармазіў перад самымі імі, выйшаў з машыны, каб адчыніць і паставіць на двор.

Цесць ужо ішоў насустрач — у расшпіленай куфайцы, у кірзавых ботах, халодны і здаровы з марозу, падаў руку, прывітаўся:

— Даўгавата ты недзе быў сёння... Я думаў, мы паедзем, бурачніку з поля прывязём.

— А, старога нейкага з Альховых Крыніц па дарозе падабраў. Падвёз.