Читать «Стрыечница» онлайн - страница 3

Юры Станкевіч

— Не ведаю, — няўпэўнена адказаў Зміцер Дашкевіч. Штосьці няўлоўнае, неасэнсаванае занепакоіла яго.

Сястра развіталася і мусіла пайсці, забраўшы сёе-тое з прадуктаў, што ён прывёз з сабой.

— Можа, цябе праводзіць? — спытаўся.

— Не. Адпачні, бо, пэўна ж, здарожыўся.

Як стрыечніца выйшла, Зміцер скінуў вятроўку, надзеў на галаву бейсбол­ку, замкнуў нумар і, не губляючы дзяўчыну з віду, асцярожна рушыў следам. Калі б нават яна і азірнулася, то наўрад бы здалёк пазнала яго. Але сястра, не азіраючыся, крочыла наперад. Неўзабаве збочыла ў завулак, потым у другі і падышла да невялікага двухпавярховага дома за металічнай агароджай. Ля дома стаялі прыпаркаваныя некалькі легкавых машын, амаль усе іншамаркі. Брамка, што вяла за агароджу, была расчыненая, і ў яе заходзілі і выходзілі жукаватыя цёмнавалосыя людзі. Машыны зрэдку ад’язджалі, а на іх месца праз нейкі час пад’язджалі новыя.

Стрыечніца Аня прайшла ў падворак дома, дзе была сустрэтая незадаволенымі воклічамі і адразу знікла ва ўхадных дзвярах.

Зміцер Дашкевіч пастаяў нейкі час, пахмурна назіраючы за падазроным домам і яго жыхарамі. Ён яшчэ раз убачыў стрыечніцу, якая выйшла з гадавалым дзіцем на руках, а потым зноў знікла. Тады ён павярнуўся і рушыў назад у гасцініцу.

У сваім нумары Змітрок Дашкевіч лёг на ложак і доўга ляжаў, абдумваючы ўбачанае, а потым нечакана заснуў.

Прачнуўся, калі сонца пачынала ўжо хіліцца да захаду, і зірнуў на гадзіннік. Гэта быў каштоўны трафейны «ролекс», які ён калісьці, дваццаць гадоў таму, зняў з забітага маджахеда і па «дэмбелі» здолеў без прыгод прывезці дадому. Да сустрэчы з сястрой заставалася паўгадзіны.

***

Кафэ было поўнае наведвальнікаў. За столікамі нетаропка паглыналі спіртное з густам апранутыя дзяўчаты і юнакі з тварамі, іншымі з якіх, пэўна, зацікавіўся б Ламброза. Былі сярод іх і старэйшыя па ўзросце, яўна падобныя на звычайных гарадскіх наркаманаў, а жанчыны — на шлюх. Сям-там адкрыта палілі цыгарэты, чулася разняволеная п’янаватая гаворка. «Хіба варта было ехаць амаль за тысячу кіламетраў, каб пабачыць усё гэта тупое і агрэсіўнае ўбоства», — падумаў ён, хацеў спытаць пра тое сваю стрыечніцу, але стрымаўся.

Аня сядзела за столікам насупраць яго і паглынала салат. Яна была апранута па-ранейшаму. Прынеслі бутэльку чырвонага сухога віна, і Зміцер замовіў па біфштэксе. Ежа, асабліва яе якасць, вымагала лепшага, але змаўчаў, бо не гэта было зараз галоўнае.

— Паслухай, — пачаў ён, — табе варта паехаць дамоў.

— Ты хочаш сказаць пабачыць маці? — удакладніла стрыечніца Аня.

— Паехаць назусім. Вярнуцца разам са мной, — жорстка падвынікаваў ён. — І нам трэба зрабіць гэта неадкладна. Заўтра.

— Чаму так раптоўна?

— Таму што ты нікуды не паступіла, на табе старая сукенка і ў цябе сіняк на твары.

Аня сціснула зубы.

— Я павалілася, як танчыла.

— У каго ты спынілася?

— У заможных людзей. Я даглядаю іх дзяцей.

— Наколькі я здагадваюся, ніякіх прапаноў з «Масфільма» табе не паступіла і ты не выйшла замуж за вядомага музыку ці спевака. Нават за звычайнага багатага адваката, які б павёз цябе ў гэты спякотны час у Еўпаторыю.