Читать «Стрыечница» онлайн - страница 8

Юры Станкевіч

***

У таксі, па дарозе назад, Зміцер Дашкевіч раптам, на здзіўленне самому сабе, супакоіўся. Уражанне было такое, быццам прыняў двайную дозу транк-вілізатара. Прычына таму, як адразу зразумеў, простая: пісталет за поясам і запасная абойма ў кішэні. Зараз вернецца да таго двухпавярховіка за ага-роджай, і настане, як кажуць, момант ісціны. Урэшце, не ён хоча гэтага і не ён павінен ў тым, што адбудзецца. Такое жыццё. Як каму пашанцуе. Можна пражыць яго ціха, спакойна, трываць прыніжэнні, а можна трапіць у нерат выпадковасці, бо раны могуць і загаіцца, але ж абраза — ніколі. Яму таксама можна вярнуцца дадому і жыць далей з гэтай абразай. Але не здолее. Зміцер недастаткова мяккі чалавек, каб загінуць у барацьбе за існаванне, але ж і не зусім жорсткі, каб прыніжаць іншых і знаходзіць у гэтым асалоду. Ён толькі хоча душэўнага спакою.

Стрыечніца быццам прычына тут. Але хто вінаваты ў тым, што маладых дзяўчат з лёгкасцю аддаюць у чужыя нячыстыя рукі? Ён раптам успомніў, як па дарозе ў Афганістан праязджалі аддаленыя кішлакі на тэрыторыі былога Саюза і там ён бачыў некалькі маладых настаўніц, сваіх зямлячак, скіраваных туды па размеркаванні, і бачыў тое, што з імі сталася. Хто вінаваты, што маладых дурнаватых дзяўчат, такіх самых, як яго стрыечніца Аня, выхоўваюць у дурноце? І яны не ствараюць сем’і, а служаць распусце на карысць хітрым чужынцам ці нараджаюць мяшанцаў?

І гэтая дурнота распаўсюджваецца, і яе становіцца ўсё болей з кожнай гадзінай, з кожным днём.

Так, усё гэта ёсць, але не можа служыць апраўданнем нікому. І тое, што ён вяртаецца назад, каб разлічыцца з той хітрай дурнотай, магчыма, не ўратуе нікога, але чалавек да таго часу застаецца чалавекам, пакуль у стане здзейсніць няхай сабе і маленькі, але такі неабходны крок. Таму ён зараз і спакойны. Абсалютна спакойны.