Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 10

Адам Глобус

А тады я пайшоў да Алеся Ласевiча. А ў Ласе­вiча быў кепскi настрой. У Алеся сумныя вочы i благi настрой — норма жыцця. Ён жыў у адным пакоi са старэйшай сястрой, рыжай Ленкай. А калi табе семнаццаць, ты спiш на раскладным крэсле ў адным пакоi з сястрою, якой васемнаццаць i якая навешвае на шафы замкi, дык i ў цябе назаўтра ранiцай сапсуецца настрой канчаткова. Асаблiва, калi да сястры пачне хадзiць у госцi маленькi габрэй Ула­дзя Габляр. І будзе ён прыцягвацца на золку. Я не жартую, бо, калi я прыйшоў, ён ужо сядзеў на Алесевым крэсле i расказваў показкi. У мяне добрая памяць на показкi, але тут я не слухаў, а глядзеў на зубы Уладзi Габляра i думаў, што ў нутрыi такiя самыя рэдкiя зубы, толькi пацукi, наколькi ведаю, не кураць, а Уладзя курыў цыгарэту за цыгарэтай i расказваў показкi пра Абрама, Хаiма i Сару.

Хаiм з жонкаю Сараю ляжаць у ложку i не могуць заснуць, бо Хаiм увесь час варочаецца. «Хаiм, чаго ты не спiш?» — пытаецца ўстрывожаная Сара. «Я Абраму павiнен рубель!» Сара грукнула ў сцяну да суседа Абрама i кажа: «Абрам, гэта праўда, што мой Хаiм табе вiнен рубель?». «Праўда», — адгукнуўся з-за сцяны Абрамаў голас. «Дык вось, Абрам, Хаiм не аддасць табе рубель, — гучна сказала Сара i шэптам дадала: — Спi, аiм, хай цяпер Абрам не спiць».

Вось такiя старыя показкi пра каханне расказ­ваў Уладзя. І таму Алесь з радасцю сышоў разам са мною з пракуранага пакойчыка, дзе на шафах засталiся блiшчаць навясныя замкi. Я яшчэ не ска­заў: Алесь Ласевiч iграў на гiтары. З гi­та­рай мы i зайшлi да Вольгi Пакроўскай, якая толь­кi-­толькi збiралася стаць Палякоўскай. Яна, вядома, пералякалася ад такiх гасцей, але нам было ўсё роўна, бо па дарозе мы завiталi ў гастраном i выпiлi ў двары бутэльку вiна з рыльца i без закусi. З чырвонымi навагоднiмi насамi, алейнымi вочкамi i гiтараю мы ўвалiлiся да Вольгi, а ў кватэры поўным ходам iшла падрыхтоўка да свята. Нам налiлi гарэлкi. А мы за гэта спявалi пад гiтару. Сядзелi ў пакоi каля таго самага акна, на якое я не мог наглядзецца, i спявалi, i пiлi гарэлку з крышталёвых чарачак.

Вольга некуды сышла, i Алесь сказаў, што варта было б цiхенька ўцячы. Мы так i зрабiлi, дапiлi гарэлку i сышлi. Мяркую, на нас не пакрыўдзiлiся. І за што крыўдаваць? Я разумею, калi Юра Палякоўскi пакрыўдзiўся i ледзь не прыбiў Валодзю Лазовiка, дык там было за што. Сам Лазовiк гаварыў, што было.

У Лазовiка з Палякоўскай (экс-Пакроўскай) быў флiрт. Не люблю французскага слова, але нешта ў iм ёсцека, нават гiдкую мрою можна за iм прыхаваць. Ну, а раз быў флiрт, дык знайшлiся i сябры ў Юры Палякоўскага i расказалi пра зносiны памiж ягонай жонкаю i керамiстам Лазовiкам. А Ва­лодзя, мiж iншым, хадзiў у першых сябрах Юры Палякоўскага. Такi французскi трохкутнiк выбудаваўся, толькi ў параўнаннi з папярэднiм трохкутнiкам, дзе ўдзельнiчаў я i адпаведна два куты былi вострыя, а адзiн тупы (тупы кут гэта я), у новым трохкутнiку ўсе вуглы былi роўныя. Юра доўга трываў, але не вытрываў i аднаго разу выбухнуў.