Читать «Крокі па старых лесвіцах» онлайн - страница 4

Людміла Рублеўская

ЦІХАЯ ПЕСНЯ Ціха-ціха, паступова Адмірае наша мова. Чахне, быццам каралеўна, У дзявочай вежы гнеўнай. Асядае, як курганне Над героямі паданняў, Высыхае, як слязіна Засынаючай дзяўчыны. Вінаватых жа — не знойдзеш, Ну а знойдзеш — не спагоніш... Ціха-ціха год ад году Адмірае наша годнасць. Патухае, як лампада У куце змярцвелай хаты, Пахінаецца распяццем Над магілай божай маці, Апускаецца, як глеба Над разруйнаваным склепам. Вінаватых жа — не знойдзеш, Ну а знойдзеш — не спагоніш... Ціха-ціха, скрушна-скрушна Адміраюць нашы душы, Шамацяць чаротам-дротам Над асушаным балотам, Патухаюць, як вуголлі У кастрах начнога поля, Лісцем курчацца з'інелым, Болем бел-чырвона-белым... Ціха-ціха, не зважаем, Як мы, браткі, паміраем. Вінаватых жа — не знойдзеш, Ну а знойдзеш— не спагоніш. ГРАМНІЦЫ Адліга ўздыхае ў вільготнай цямнечы, I звычай дзядоўскі нам час аднавіць. Давай жа запалім грамнічныя свечкі — I зло разам з цемрай ад нас адляціць. Малы Дамавік зашкрабецца ў куточку I Лазнік у ваннай даесць павука, I горад, грамнічнай пабуджлны ноччу, Пачне ад бяссоння ратунку шукаць. I горад не здолее нават здзівіцца, Убачыўшы, хто не дае яму спаць — Маланкавалосыя гэта Грамніцы На воблаку срэбньіх мятлушак ляцяць! I свет ажыве—і паганскі, і боскі, I глеба ўздыхне мацярынскім цяплом. I гаснуць агеньчыкі ў лужынах воску, I трэба ўключыць у пакоі святло... I ноч адыходзіць па вуліцах гразкіх, Па вузкіх сцяжынах зімовых алей... I жывіць душу таямніца і казка. I неба — бліжэй, а зямля — даражэй. ДАРОГА Ў НІКУДЫ «Я ведаю, куды вяду!» — Крычала ўсім адна дарога. Крычала гучна. Хто пачуў — Пайшоў па ёй. Пачула ж — многа. Гарлала рэха ў вышыні. А паўз дарогу гнала смецце, I верас курчыўся ў агні, і птушкі падалі, як сэрцы. «Я ведаю!» I ўсе ішлі. І верылі, У што? Не помняць. Дарога бегла ад раллі І ад квітнеючага поля. Але не век жыве спадман, I змоўкла ў рэшце рэшт дарога. ...Глядзяць, наперадзе — туман. А ззаду — дык зусім нічога. * * * І возера паглынула замак за грахі тых, хто жыў там... Згінаюцца дрэвы ад подыху цёмнага ранку. Вада паглынае каменні адзін за другім, Зацягнуць гарлачыкі новую сінюю рану, I пройдуць гады, і лазой зарастуць берагі, З акон электрычкі народ паглядае паныла На брудную сажалку і перарэджаны лес. За рэшткамі замка ў ваду уваходзяць магілы, I лес адступае ад шумнай дарогі далей. Здаецца мне, нашы азёры — чароўныя дзверы У лепшы, не здраджаны і не прададзены свет. Туды саступае былое святое і веры У нас пакідае не болей, чым зерня ў асве. Ідзе па начах нетаропкае, сумнае шэсце. Ў азёры сыходзяць будынкі, звяры і бары... Пасля высыхаюць азёры... І мокрае смецце Нікому не скажа, якія хавае муры. Ізноў электрычка прастуе праз роўнае поле. Няўважныя позіркі ў ёй і смурод цыгарэт... I раптам па шкле расцякаюцца чорныя кроплі... Апошняе возера плюнула злосна услед.