Читать «Жывы покліч (Выбранае)» онлайн - страница 359
Генрых Далідовіч
З бацькам я таксама вярнуўся да брамкі. Ужо без насцярогі, з цікаўнасцю.
— Ці дазволіў бы гаспадар узяць вады са студні? — павітаўшыся з бацькам, ветліва запытаў цыган.— Коней паіць будзем у вашай рэчцы, а вось вада пітная, як самі разумееце, трэба якраз са студні.
— Калі ласка, бярыце,— адказаў бацька.
Калі цыган насіў вядром ваду i выліваў яе ў бочку на калёсах, вяртаўся да студні, я, ужо не баючыся, разглядаў яго — дужага, камлістага, ужо не маладога, з сівізной на скронях, з маршчынамі на лбе. Ён жа за кожным разам жартаваў са мною, а на развітанне запрасіў:
— Прыходзь да нас. З нашымі дзецьмі пагуляеш, мядзведзя ручнога пабачыш, — а калi ўбачыў, што на двор выйшла маці, пакланіўся ёй, таксама запрасіў: — Прыходзьце, гаспадыня, у наш табар. Можа, што купіце сабе. Хустку, матэрыял на сукенку ці блюзку, мужчынскае што альбо дыванчык які... Калі маеце, мы ў вас можам купіць малако, сыр, яйкі...
Маці падзякавала i падакляравала завітаць. Калі госць пакінуў двор, я пацвеліўся з маці:
— Вы казалі, што яны дзяцей забіраюць i звозяць з сабою. А вот не забіраюць.
— Добрых, паслухмяных, чыстых, канечне, не бяруць,— усміхнулася яна,— А вот нягодных, брудных падчышчаюць. Чысты, акуратны гэтыя дні — дык не забралі. Не ўшануешся, зграшыш — забяруць.
Я ўвесь дзень стараўся быць чысты, слухаць маці, з ахвотаю гуляць з малодшымі сястрою i братам. Праўда, крыху засмуціўся, калі маці ўзяла дзесятак-другі яек, сыр, пакінула мяне з дзецьмі, адна пайшла да табара. Вярнулася адтуль не так ужо i хутка, прынесла сабе чорную, з вялікімі чырвонымі кветкамі хустку, бацьку i мне — па кашулі, сястры i брату — ляльку i маленькую самаходную машынку.
Увечар мы таксама, як i ўчора, выйшлі на двор i зноў пазіралі на полымя i ўжо слухалі глухаватую ад далечыні музыку, песні.
Цыганы сёння не маўчалі, весяліліся. Нават праз поле было чуваць, што яны сёння гарэзныя, дзёрзкія: музыка, песні часамі так усходжваліся, віхурыліся, што, здаецца, там хадзіла ходырам зямля.
— Можа, сходзім ды паслухаем? — прамовіў бацька.
— Няёмка,— адказала маці,— чужыя ж людзі...
— Помню, некалі недзе я чытаў,— сказаў бацька i, успамінаючы, загаварыў нечакана вершам:
Я слухаў i сённяшні вечар: цемнаватае, лічы, без зорак неба, блізкае ахаладнелае поле, цёмная сцяна лесу, полымя на дзірване, музыка, песні, мы на хутары — усё здавалася казкаю. Мне вельмі хацелася трапіць туды, дзе было гэтак таямніча, але мы не пайшлі, толькі доўга яшчэ стаялі i слухалі. Пакуль не стала нам холадна ад начной стыласці.
Назаўтра барадаты цыган зноў прыехаў па ваду. Але ўжо не адзін, а з малою, нрыкладна майго ўзросту дзяўчынкаю. Я нямала бачыў ужо цыганскіх дзяцей, але кожны раз не пераставаў здзіўляцца, што яны такія смуглявыя, узімку ды ўлетку легка апранутыя. Во i цяпер, у раннюю стынь, дзяўчынка была толькі ў сукеначцы, босая. Малая, але мела ўжо, як i сталыя, на мочках вушэй завушніцы.