Читать «Жывы покліч (Выбранае)» онлайн - страница 357

Генрых Далідовіч

У нас, на хутары, яшчэ гаварылі, што цыганы не толькі забіраюць малых непаслухмяных дзяцей, але i ашукваюць старэйшых, выманьваюць ад ix дабро, а бывае, нават i крадуць. Да слова, казалі, што ў Антосі Кузёмка, старой кабеты, яны «выцыганілі» прыгожы, даўняй работы абрус толькі за тое, што «надакляравалі» яе адзінаму хваравітаму сыну шчаслівае вяртанне з гарадской бальніцы. У Ганны Навіцкай забралі пярсцёнак, i забралі так хітра, што яна нават апамятацца доўга не магла: помніць, што паказвала «маладой i надта ж нагляднай чорнавалосай госці» шлюбны пярсцёнак, помніць, што тая разглядала яго i ўсміхалася, а пасля аддала «ў самыя рукі», а вось зусім не помніць, як памяць адняло, чаму пярсцёнка ўсё ж у пудэлку не стала. Наш бліжэйшы хутарскі сусед, Пятро Мельнік, любіў баяць сваю гісторыю з цыганамі. Да ix, па яго словах, зайшла аднойчы ў зімовую сцюжу маладая цыганка з маленечкім дзіцем, папрасілася пагрэцца, а таксама папрасіла есці. Дзе ты адмовіш! Людзі ж! Маці з дзіцем! Гаспадыня пакарміла госцю i яе дачку, паслухала яе цікавыя расказы пра свет вялікі i пра ўсякія цыганскія прыгоды. Калі ж адагрэтая i сытая падарожніца збіралася пайсці далей сваім, вядомым толькі ёй шляхам, нечакана заявіўся ў хаце «усаты малады цыган, можа, i яе муж. Ён ветліва павітаўся з гаспадарамі, а пасля пачаў не толькі пагрозна крычаць на сваю маладзіцу, але i хлістаць яе пугаю — відаць, за тое, што яна тут надоўга затрымалася. Жанчына лямантавала, кідалася па хаце, урэшце шмыгнула пад вялікі ложак.

Калі гаспадары супакоілі ваяўнічага госця, пакармілі, яна вылезла ca схованкі i бокам-бокам шмыг за дзверы, нават пра дзіця сваё забылася. Ветліва развітаўшыся, падзякаваўшы, неўзабаве падаўся з хаты i мужчына. Разам з дзіцем. Мельнікі доўга гадалі, чаму быў такі злы цыган, i толькі на трэція суткі агледзелі выпадкова, што з-пад ложка зніклі гаспадаровы новыя хромавыя боты. Спахапіліся, завохкалі, ды вярнуць боты было позна: ужо гасцей тых нечаканых за гэты час i след выстыў.

Канечне, расказваючы гэтыя i іншыя гісторыі, людзі шмат перабольшвалі, дапрыдумвалі нямала чаго самі. Не для зла, здзеку ці ганьбы, а больш для фантазіі, пацехі, утаймавання аднастайнага хутарскога побыту. Якімі ні былі цыганы ахвотнікамі на малых дзяцей, але ні адно, самае i непаслухмянае, хутарское дзіця не знікла, па-другое, той-сёй гаварыў, што Антося сама аддала абрус, а Ганна сама згубіла свой пярсцёнак, а Пятро застаўся без святочнага абутку таму, што, вяртаючыся аднойчы з вяселля, заснуў на дарозе, дык боты з яго ног сцягнуў нехта свой, з вёскі. Праўда, быў на хутары адзін чалавек, жулікаваты дзяцюк Яська, які не любіў гаварыць пра цыган ні добрае, ні паганае, увогуле пра ix маўчаў, як ніколі не бачыў. Ён, казалі, аднойчы захацеў пазаляцацца да маладзенькай прыгожай варажбіткі, нават заманіў яе ў гумно, але тая здолела выскачыць, уцякла з хутара. На другі дзень прыйшоў туды паджылы, але яшчэ мядзведжай сілы, хмурны барадаты цыган-велікан i так загадкава сам-насам пагаварыў з Яськам, што той не толькі страціў ахвоту заляцца да варажбітак, але i зусім змяніўся, нібы нанова нарадзіўся. Як жартавалі, Яська з той часіны, калі пайшоў з хутара хмурны велікан, а ён застаўся жывы, пачаў верыць у бога, стаў мяккі ды ветлівы, хоць ты да вуха яго прыкладай.