Читать «Вужык. Голуб на плячы. Дак» онлайн - страница 2

Анатоль Бароўскі

Зубрыцкі развітаўся, выйшаў у калідор, прычыніўшы за сабою дзверы – стрымліваў іх, каб скразняк, што пнуўся з акна, не бразнуў дзвярыма… Адышоў колькі крокаў ад дзвярэй Зінчука, потым ступіў у прыцемак, дзе слаба цадзілася ад вузкага, з вуліцы, акна святло, паглядзеў на людзей, што сядзелі на крэслах у чаканні выкліку, уздыхнуў, адчуў, што не хапала свежага паветра – і рашуча пакіраваў да выхаду, адзначаючы пра сябе, што на душы было гідка і трывожна: як быццам да плячэй яго прымацавалі бетонную пліту і сказалі-загадалі, каб ён цягаў яе на сабе штодня…

А пліта як прыстала да плячэй – і садраць ці адарваць яе было ўжо немагчыма.

Надоечы прысніўся яму дзіўны сон…

Сніўся Васілю вужык. Быццам трымаў яго у руках – халоднага і бяскроўнага, але такога блізкага і роднага, – і шэрая безабаронная паўзучая істота сагравала яго дзіцячую душу, як і тады, у тыя далёкія дні пяцьдзесят другога года.

Васілёк у сне пытаўся пра нешта ў вужыка, хацеў дазнацца пра нейкую праўду, каб пазбавіцца ад душэўнага болю, які не сунімаўся, разрастаўся і даходзіў, здавалася, да самага сэрца. І яму штосьці тлумачыў вужык – разяўляў рот і дрыготкім язычком-нітачкай дакранаўся да шчакі. Нешта ж гаварыў, а што – не чуваць, таму вужык сіліўся, натужваўся, аж выгінаўся, каб пачуў Васілёк яго словы і зразумеў… Нерваваўся нават, паводзіў сябе неспакойна, трывожна, гатовы быў крычаць, папярэджваючы яго пра нешта, а пра што канрэтна, хлапчук не разумеў, не ведаў, нават і не здагадваўся, – таму і не прадчуваў нічога…

Раніцай, ідучы на працу, адчуваў, што ў душы пасялілся два пачуцці. Як два чалавечкі усё роўна жылі ў ім. Адзін з іх – пяшчотны і добразычлівы – саграваў душу ўспамінам-бліскаўкай пра дзяцінства, а другі – маўклівы і насуплены – маўчаў, але ад яго сыходзіла нейкая незразумелая трывога. Яна шылася пад сэрца, тачыла, як шашаль дрэва…

Не пакідала яго трывога і тады, калі праводзіў у вагончыку пяцімінутку, і апасля, калі гаварыў з брыгадзірам Зыкавым пра дзённы план работы. Узмацнілася, сам не ведаў ад чаго, і тады, калі пачаў збірацца, каб адлучыцца на рыштаванні будаўніцтва кацельні для бальніцы – на другім канцы горада, у Беліцы… Нешта не пускала яго туды, як усё роўна калючы дрот чапляўся то за штаны, то за куртку, і нехта ўвесь час крычаў на вуха, каб не ехаў, каб застаўся…

3.

– Ну, дык як, Андрэевіч, – не адступаў ад яго брыгадзір Ступакоў з таго ж аб’екта – не ладзілася ў яго работа на кацельні і ён прыехаў да прараба за падтрымкай і дапамогай, – едзем ці не?

– Едзем, Алесь, едзем, – махнуў рукою на свае трывогі і першы падаўся да легкавіка, на якім прыімчаў брыгадзір.

Праз колькі хвілін заехалі на будаўнічую пляцоўку бальніцы. Васіль Зубрыцкі з першага позірку вызначыў, чаму не ідуць справы ў брыгадзіра, пачаў тлумачыць, паказваць, адначасова і папракаючы яго ў няўмецтве арганізаваць работу.

І як толькі яны падышлі да кацельні – падняліся на штабель складзеных адна на адну панеляў перакрыццяў, – да Зубрыцкага падкаціўся калабком намеснік галоўнага ўрача па гаспадарцы Лявонаў, акругліў вочы, нейкім спалоханым голасам абвясціў: