Читать «Водбліскі» онлайн - страница 3
Геннадий Григорьевич Ануфриев
— Да мастака? Антона толькі што забрала «хуткая дапамога».
Гэта было поўнай нечаканасцю, я збянтэжыўся.
— Вы знаёмыя?
— Мы сябры. Але што здарылася?
— Па праўдзе кажучы, не ведаю…
У той жа дзень я выправіўся ў бальніцу. Мне паведамілі, што Антон аслеп. Відаць, слепату вызвала нервовае ўзрушанне. На пытанне, ці ўдасца вярнуць зрок сябру, хірург няпэўна паціснуў плячыма:
— Будзем рабіць аперацыю…
I дадаў:
— У вашага сябра яшчэ і інфаркт…
У двары, калі сыходзіў дахаты, мяне дагнаў доктар.
— Пачакайце хвіліначку, — задыхаючыся, вымавіў ён. — Вось. Калі хворы апрытомнеў, то папрасіў перадаць вам гэта і сказаць, каб вы зайшлі і паглядзелі… вы ведаеце, што…
— Так-так, дзякуй. — Гэта быў ключ ад кватэры Антона.
* * *
Задыханы, я падняўся па драўлянай лесвіцы ў майстэрню. Адна думка неадступна вярэдзіла: «Няўжо яму гэта ўдалося?» Вялізная карціна ўсё гэтак жа стаяла ў куце, але пакрывала з яе было знята. Яшчэ здаля ўбачыў, што ў ёй нешта змянілася. Некалькі секунд стаяў і не мог паварушыцца, потым наблізіўся да карціны.
Гэта было неверагодна. Трапяткія паўцені прабягалі па палатне. Амаль няўлоўныя для вока змены формы зачароўвалі. Я баяўся ўздыхнуць. I раптам усё знікла. Мяне ахапіла паніка. Калі азірнуўся, то зразумеў ісціну.
Я падышоў да акна і зняў з падаконніка вялікі празрысты акварыум з вадою, які Антон забыўся зняць у той сонечны дзень, калі пісаў блікі.
* * *
…Глыбокай ноччу прачнуўся, быццам ад штуршка. Адразу маланкай пранеслася — сёння асаблівы дзень, саракавы дзень з дня смерці Антона. Адчуваючы, што наўрад ці засну, зноў і зноў успамінаў нашу апошнюю сустрэчу.
Па сцяне загадкава перамяшчаліся светлыя плямы — водбліскі фар далёкай машыны. Я машынальна сачыў за імі, пакуль не ўсвядоміў дзіўную рэч — мудрагелістыя плямы са сцяны не знікалі. Больш таго, множыліся, рухаліся ўсё хутчэй і хутчэй, круціліся ў вар’яцкім карагодзе. Адначасова яны набывалі ненатуральную і разам з тым асэнсаваную завершанасць.
Блікі складваліся ў нешта да болю знаёмае; і вось ужо са сцяны на мяне зірнулі в о ч ы, напоўненыя мігатлівым святлом, якое пранікала ў самую глыбіню душы. Я са стогнам сціснуў павекі, баючыся ўбачыць гэты твар, пазнаць яго…