Читать «Водбліскі» онлайн - страница 2

Геннадий Григорьевич Ануфриев

Я дакрануўся да рукі сябра, і ён здрыгануўся.

— Антон, апошнім часам ты мала малюеш, не ўдзельнічаеш у выставах. Што здарылася?

На імгненне яго вочы ажывіліся, і ён насмешліва зірнуў на мяне.

— Ты ж ведаеш, я асвойваў тэхніку раздзельнага вытанчанага мазка з захаваннем аб’ёмнага адлюстравання.

— Лухта! Прабач, але гэта не тлумачэнне.

Ён пільна ўгледзеўся ў мяне.

— Добра, так і быць, патлумачу. Як табе ўжо сказаў, усё напісанае мною раней — глупства, — ён падняў руку, спыніўшы мае пярэчанні; у вачах з’явіўся дзіўны, незнаёмы бляск, голас узвысіўся. — Помніш Філонава? Задача мастака — перадаць усю паўнату жыцця, аж да самага руху малекул. «Відушчае вока» перадае толькі контуры; сутнасць жа ў тым, каб перадаць утоеныя працэсы!

— Ты хочаш стварыць цуд! — неасцярожна заўважыў я.

Ён страпянуўся.

— А што такое цуд? Цуд ёсць праява, а дакладней сказаць — прарыў у нашу паўсядзённасць будучай паўсядзённасці. Сёння гэтыя прарывы адзінкавыя і таму здзіўляюць. Але ж яўнай мяжы між нашай і будучай, «цудоўнай», паўсядзённасцю быць не можа. «Цуды» павінны здарацца ўсё часцей, і калі мы да іх прызвычаімся, яны перастануць быць цудамі і пяройдуць у штодзённасць. Як ты ўжо ведаеш, я шмат, вельмі шмат працаваў над тэхнікай. У мяне ёсць адна запаветная ідэя, калі хочаш, — мара. Глядзі!

Антон схапіў вялікі акварыум з вадою, які стаяў на століку, паставіў на падаконнік, некалькі разоў павярнуў, шукаючы патрэбнае становішча.

— Бачыш? — сябра паказаў на блікі, якія бегалі па сцяне. — Вось гэта я і хачу напісаць. Разумееш?

— Здаецца, што так.

Відаць, выгляд у мяне быў ашаломлены, бо нічога падобнага я не чакаў.

Глянуўшы ў кут, дзе стаяла вялікая карціна, спытаў:

— Гэта яна?

— Яна. Цяпер магу паказаць яе, калі хочаш.

Не дачакаўшыся адказу, ён падышоў да карціны і адкінуў пакрывала. Я ўбачыў запоўненае каляровымі плямамі палатно. Здавалася, што школьнік паспрабаваў на ім толькі што купленыя фарбы. Хаваючы расчараванне, я з залішнім энтузіязмам вымавіў:

— У ёй нешта ёсць!

Але Антон мяне перабіў.

— Не трэба, не прыкідвайся. Ведаю, што ты думаеш. Здаецца, у мяне нічога не атрымалася. Але я іх напішу.

Гаворачы гэта, ён зрабіў выразны жэст рукою, вочы яго гарэлі. Такім свайго сябра я ніколі не бачыў.

Адыходзячы, яшчэ раз зірнуў на няскончаны партрэт дзяўчыны.

— Павінна атрымацца ўдала.

— Так. — Голас Антона гучаў абыякава.

* * *

Некалькі дзён я быў вельмі заняты: дапісваў артыкул, працаваў, як апантаны, і забыўся на некаторы час пра нашу размову. Раз-два збіраўся забегчы да Антона, але ўсё ніяк не атрымлівалася. Аднойчы, калі ўжо цвёрда вырашыў наведаць яго, сябра пазваніў сам. Я не адразу пазнаў яго голас, настолькі ўсхвалявана ён гучаў:

— Прыязджай хутчэй! Мне ўдалося! — Антон не стаў слухаць мяне, кінуў трубку.

Яго хваляванне перадалося і мне. Верылася і не верылася ў тое, што пачуў. Аднак не стаў марудзіць, а паехаў да яго. Ужо калі падымаўся па лесвіцы, інтуітыўна адчуў: нешта здарылася. Каля дзвярэй Антона мяне сустрэў ягоны сусед.