Читать «Раніца» онлайн - страница 4

Вольга Іпатава

СНЯЖЫНКІ

Сняжынкі, як цікаўныя дзяўчаты, У карагодзе кружацца над хатай. Убачылі хлапчыну за фіранкай I просяць выйспі, пастаяць на ганку. А выйшаў — ўсе паселі за сумёты. Адна над хлопцам кружыцца самотна. Да вуснаў дакранулася нясмела I знікла, бы ад сораму згарэла.

* * *

Першы снег, першы снег! Хто тут самы лоўкі і дужы? Распускаюцца белыя ружы Ад сняжкоў на кожнай спіне. Як баяры, стаяць дамы, Берагуць каўняры свае новыя, I здаецца мне, па-вясноваму Пахне снег... Чорнай кропкаю на страсе Верабей заскакаў у танцы. Мне дзяцінства тугія сняжкі нясе, Называе чамусьці настаўніцай.

ВІЛЬНЮСУ

О Вільнюс — рыцар на кані! Рукой схапіўся за аблокі. Набатам б'юцца ў цішыні На вуліцах вузенькіх крокі. Гасцей тут столькі — колькі моў! Хто тут не жыў, хто тут не марыў! Тут беларус — прапрадзед мой Калісьці ўпершыню друкарыў. І тут жыла — маёй крыві — Сястра вясковых нашых матак. Ты прагна кліч яе лавіў I кідаў кіпы пракламацый. Зноў еду да тваіх людзей, Да старажытных вуліц вузкіх. Дзень добры, Вільнюс! «Laba dzjnas!» Ты ж у адказ — па-беларуску...

* * *

У полі канюшына пахне соладка, Здаецца, час спыніў свой вечны бег. Зямля ў расе халодная, як золак, I чыстая, як кропля на вярбе. Чырвоны маладзік над гарызонтам З-за цёмных соснаў спакваля ўстае, I шчодра сыпле, сыпле жнівень зоркі На плечы адзінокія мае.

* * *

Як ты колешся, слова «сіротка!», З рук вывальваецца пірог. Нібы камень з чужых варотаў, Мне ляціць яно за парог. Матчын голас уладны пачуўшы, Дзеці з шумам бягуць дамоў, I, ў халодную прызбу уткнуўшыся, Горка, горка раву я зноў.

* * *

Мужчыны ніколі не плачуць. Стане нясцерпна — ноччу Крыўды свае і няўдачы Ў далоні кладуць жаночыя. А калі засынаюць дужымі На кволым плячы, Схіліся над тварам мужавым, Бязгучна замовы шапчы. Жаночую ласку і шчырасць Не вычарпаць да дна. Ніколі не плачуць мужчыны, Шукаюць прытулку у нас...

ВОЗЕРА

Вецер з абрыва нырнуў за чаромхай, I, ап'янелы, паволі знямог. Ціха плешча бяскрайняе, роўнае Белае возера каля ног. Сонцам духмяным наскрозь прагрэты Бераг здаецца краем зямлі. Рэха, з далечы сонечнай гэтай Мяне яго голасам гучна пакліч. Буду ад клічу таго я шчаслівая, На сцежцы заросшай прымну траву, Кінуся ў возера гэта імкліва я I ўдалячынь паплыву...