Читать «Раніца» онлайн

Вольга Іпатава

Вольга Іпатава

РАНІЦА

Вершы

Падрыхтаванае на падставе: Вольга Іпатава, Раніца: Вершы — Мінск: Беларусь, 1969. — 80 с.

Рэдактар: П. Прыходзька

РАНІЦА

Адуванчык вялізны — сонца Вырастае з прыціхлай ракі. Зараз дзьмухне вецер спрасонку — Пырснуць промні ва ўсе бакі. Туманы, як мядзведзі калматыя, Дапаўзаюць да лесу крадком, За нямытай, заспанаю хатай Аб даёнку цурчыць малако. А зямля так даверліва, проста У сваім харастве паўстае, Што здымаю з ног «шпількі» вострыя: Незнарок не ўкалоць бы яе...

* * *

Глядзім мы рэдка ў сэрца глыбіню, Гаворым мала мы аб самым блізкім. Радзіма! Стаў табой упершыню Дзіцячы дом — майго жыцця калыска. Да скону дзён забыць я не магу — Руінаў дым, натоўп за хлебам ноччу I крык: «Дзетдому ў першую чаргу!» — Хоць у людзей гарэлі смуткам вочы...

КАЛОЖА

Ад сонца засланіўшыся Далоняй, Хмурынай-хусткай атуліўшы плечы, Стаіць здаўна над Нёманам Каложа, Нібы мяжу пераступіла ў вечнасць. Нібы калісьці дзеўчынай за горад Насустрач бегла верасам калючым, А потым, скамянелая ад гора, Ўрасла навекі ў нёманскія кручы. Над ёю — цёплых ліўняў агарожа, За ёй — вякі, падзеі, далячыні. Стаіць здаўна над Нёманам Каложа Сівою беларускаю жанчынай.

* * *

О Аэліта, ты мая саперніца. Калісьці, абагнаўшы часу бег, Каханы мой дадому з Марса вернецца, Адчайна засумуе па табе. Сцюдзёна вусны мае апаліць студзень, Загарам шчокі жнівень абпячэ, А ён у сне гадамі бачыць будзе, Нібыта казку, сінь тваіх вачэй. А я ў расстанні смутак свой стрымаю, Тугой касою рукі абаўю. Пакіне дом наш песня незямная, Што марсіянкі па начах пяюць. І ўсё ж аднойчы з далечы вялікай, Мне сэрца працінаючы наскрозь, Раздасца раптам голас Аэліты, I, пабялелы, страпянецца Лось...

* * *

Гасне ў цёмных зрэнках вокнаў вечар, Адпускаю я тваю руку, I імгненне падае у вечнасць, Быццам кропля падае ў раку. Закалыша шэраг дзён звычайных, Шэрых, быццам сакавіцкі снег, I аднойчы успамін адчайна Зноўку мне душу ускалыхне. Па цяпло, па ласку чалавечую Я, на ўсё забыўшыся, ўцяку, Каб адчуць: імгненне ўпала ў вечнасць Дажджавою кропляю ў раку.

МАІМ АДНАГОДКАМ

Не ўсё нам у свеце вядома, Мы ж дзеці гісторыі, творцы. Сябры і сяброўкі з дзетдому! Гэта пра нас гаворыцца! Вы помніце? У інтэрнаце У цёплыя сны дзіцячыя Прыходзілі нашы маці, Якіх мы ніколі не бачылі? Замучаныя — з канцлагераў, 3 магіл уставалі брацкіх, У сне нас пяшчотна лашчылі I ў нябыт вярталіся раніцай. Саміх нас бацькамі сёння Завуць хлапчукі чубатыя, А мы усё бачым, сонныя, Тых, нежывых, нябачаных. Крычаць нам з-за межаў адчайна: «Жыцця вы не знаеце сэнсу». А мы ж яго вывучалі Спачатку не розумам — сэрцам...