Читать «Абсяг» онлайн - страница 36

Рыгор Барадулін

* * *

Ні словам не адгукнулася ты, Маўчала — да нематы — Трывала. Усе мае да цябе лісты Ты Смутку майму дыктавала!

* * *

Iмклівы час такі, Што следу не відно. Ці мне пісаць з рукі, Ці след забыць даўно Крыўдлівыя радкі Пра цёмнае акно? Дзён светлых камянькі, Напэўна, злецяць дно Забытлівай ракі. Ды ўспомні заадно Тады мае радкі — І не тушы акно!..

* * *

Мы лехі смутку полем, Расады ўцехі мала. Была крыўдлівым болем Балючай крыўдай стала. Мы гналі цень аварый Над змоўкласцю абвалу. Была абложнай хмарай — Хмурынкай жалю стала. Грамаадвод закляты, Лаўлю грымоты стала. Была, Ды не сплыла ты, Ты стала — Не растала...

* * *

Як цемру выкрасці ў начы, Пазычыць радасці журбе? Як мне сябе перамагчы, Перамагчы цябе — ў сабе? Ці так да скону й валачы Мне ланцугі тугі ў жальбе? Як мне цябе перамагчы, Перамагчы сябе — ў табе? Крычы хоць крыччу, хоць маўчы, Ласкавы парастак скрабе, І ныюць рэўнасці карчы. І рунь, і ляда ў варажбе.

* * *

Я стаў без цябе не магчы Ні здалеку, ані побач. Воўк шалу майго ўначы І ўпоўдзень ідзе на здобыч. І позірку мала мне, І дотыку стала мала. Ты, рэўнасць мая, Па вясне Яловых дроў наламала. А думаў жа — ўсё міне, Зноў буду нічый ці чыйсьці. Ды так Ты ўвайшла ў мяне, Што мне ўжо з цябе не выйсці!

* * *

Яно нада мной Узышло ў лістападзе, Сузор'е трывогі, Сузор'е Рысі. Прыхмарана днела У насмешным паглядзе І ў кожнай тваёй Прытаілася рысе. Зямля чарнела, Зямля бялела. Мне зорны свет На зямлі адкрыўся. Кастры жаўталісця Датлелі ўлюцела. Малю: паўтарыся, Сузор'е Рысі!..

* * *

Цяпер казаць мне «Вы» Табе? Закасваць рукавы Сяўбе, Што чорны смутак сее, Калі былі на «ты» Раты, Засмяглыя ад нематы, І рукі без надзеі Абараняліся? Круты Быў пал на «ты», І веі Былі на «ты» Ад дабраты Злагоджанай завеі. Граматыкі віна, Мана? Вы — Множны лік, А ты — адна. Не разумею...

* * *

Снегапад напаў на сад. Віднее на дварэ. Хто сівізну маю назад З вясною забярэ? Святлею, як зімовы сад. Вясновым быць не мне. Іду, ўзімелы, наўпапад Пa белай цаліне. А сад не ўзварухне галін, Я сум не ўзварушу. Хоць ласкай апячы ўспамін, Як некалі душу! Сняжок засведчыць, Малады, Што светла ўсё было. Не май бяды — Мае сляды Завеяй замяло...