Читать «У добры час» онлайн - страница 34

Іван Шамякін

— Вы тут паціфончык, паціфончык... Што-небудзь вясёленькае, — мітусіўся Шаройка. — А я на кухню — баб падганю.

— Глядзі, каб цябе бабы не падагналі, — адразу-ж адгукнуўся Лукаш і хітра падміргнуў Максіму.

Лескавец падышоў да стала, пачаў заводзіць патэфон і раптам спыніўся. Адчыніліся дзверы адной бакоўкі, і адтуль вышла дзіўная жанчына. Модная, высокая прычоска, падпёртая бліскучымі шпількамі, напудраны твар, яркавішнёвыя губы і дарагая аксамітавая сукенка — усё гэта, здалося, адразу-ж гучна крыкнула: «А вось і я! Глядзіце, якая я!»

Максім не адразу пазнаў у жанчыне старэйшую дачку Шаройкі, сваю аднагодку, з якой некалі таксама вучыўся. А калі пазнаў, ледзь-ледзь не зарагатаў.

«Ну і пудзіла! Толькі ў каноплі — вераб'ёў пужаць».

Яна кінула ў пакой кароткі позірк і, нібы нікога больш не ўбачыўшы, падышла да яго, паважна працягнула руку.

— З прыездам, Максім Антонавіч.

Ён далікатна паціснуў яе мяккую руку.

— Дзякую, Паліна Амяльянаўна. А я вас ледзь пазнаў. Быць вам багатай.

— А хіба зараз я бедная? Ды і наогул я лічу, што нам пара і слова гэтае выкінуць з нашага лексікона. Бе-е-днасць! — пагардліва працягнула яна. — Архаізм!

— О, безумоўна! — узнёсла ўсклікнуў Максім, а сам падумаў: «Ну, здаецца, давучылася да ручкі».

У гэты момант з кухні прынеслі сталы з закускамі. Смачна запахла смажанінай. Над горамі мяса ў гліняных місках падняліся слупы пары. Асобна на важкай патэльні прынеслі цалюткага парася, бліскучага ад тлушчу, з жоўтай, патрэсканай на спіне, скуркай. Нават з хвосцікам хрэну ў ашчэраных зубах.

— Уга! — з захапленнем і здзіўленнем чмокнуў Бірыла і старанна выцер далоняй вусы.

Шаройка бегаў сам на кухню, прыносіў відэльцы, нажы, хлеб, перастаўляў на стале талеркі з закуссю з аднаго месца на другое і раз-по-разу пазіраў на ходзікі, нібы чакаў кагосьці вельмі важнага. Максім так і падумаў, што чакаюць галоўнага госця, для якога ўсё гэта і рыхтавалася. Гэтая думка крыху закранула яго гонар: Шаройка-ж гаварыў, што будуць святкаваць іменна яго прыезд, значыцца ён — галоўны госць. Але раптам гаспадар спыніўся пасярод хаты, развёў рукамі, нахіліў галаву і запрасіў:

— Прашу да стала, дарагія госці. Пачнём. Больш чакаць няма каго.

Тады Максім задаволена аглядзеў прысутных. Гасцей было нямнога — чалавек дзесяць, І ўсе такія, якіх ён яшчэ шэсць год назад клікаў дзядзькамі і цёткамі. Крайняй ад парога на нізенькім зэдліку сядзела Сынклета Лукічна. Яна была ў шаўковай хустцы, якую сын прывёз ёй у падарунак з Маньчжурыі; ружовасць хусткі ценем лягла на твар, і ён здаваўся памаладзелым.

Максім падняўся і падышоў да маці, каб сесці за сталом побач з ёю. Але Шаройка спыніў яго.

— Не, не, не!.. Віноўніку — ганаровае месца. Вось сюды, — ён паказаў на покут.

Максім усміхнуўся і паклікаў маці.

— А то, як у песні, усе па пары, усе па пары...

— А ваша дзе пара? — гучна і, здалося яму, нават злосна, спытала Паліна. — Дзе Маша? Мы вас чакалі з Машай.