Читать «Драма» онлайн - страница 12

Іван Шамякін

З таго часу бурдзюком ганарыліся гэтак жа, як вайсковай кухняй. У каго яшчэ ёсць кухня? Нават у Дзядзюлі няма. Асабліва значэнне бурдзюка вырасла пасля таго, калі група байцоў, што хадзіла на нарыхтоўку харчу, вярнулася, напоўніўшы гэты скураны мяшок «гаручым»,— пужнулі паліцаяў, якія гналі самагонку; бутлю не данеслі б, разбілі б, а бурдзюк — адменная рэч; партызаны жартавалі: смачна булькае і спіну ад кулі закрывае, любая куля ў такой вадкасці захлынецца.

Выпілі ўтрох. Камандзір, як кажуць, «на сухую» чэрпаў драўлянай лыжкай капусту, апетытна хрумстаў. Яму не падабалася, што ахвотна, бадай прагна, выпівае ранены капітан, тлумачыць, што яму робіцца лягчэй. Звычайна, калі Золатаў падбіваў на такую вячэру, Аляксей Іванавіч выходзіў з зямлянкі. Але куды пойдзеш у такую непагадзь? І ён сядзеў панура-нахмураны. А памочнікі весялелі і рабіліся залішне гаваркімі, без падагрэву часта маўчалі — усё перагаварылі, бавілі час тым, што расказвалі сюжэты прачытаных кніг, але займаліся гэтым маладыя — Ігар і Навум.

— Аляксей Іванавіч, ты і тады не піў, калі цябе ставілі дырэктарам спіртзавода?

— Ніколі не піў.

— Як жа цябе паставілі?

— Таму і паставілі, што не піў.

Золатаў незвычайна развесялеў.

— Во дзіва! Першы раз бачу цвярозага начальніка.

— А што, у вашай канторы ўсе п'юць?

Ігаравы пытанні бываюць па-дзіцячаму наіўныя і нечаканыя. Золатаў не любіў іх. Неаднойчы ўзрываўся. І тут уміг пазмрачнеў.

— Не падабаюцца мне, камісар, твае кіўкі ў наш бок.

— У чый бок?

— Ведаеш — у чый. Мы ахоўваем дзяржаву ад ворагаў. І незалежна ад таго, хто з нас колькі п'е, «кантора», як ты называеш, наша,— моцна націснуў на слова «наша»,— заўсёды цвярозая.

— Аднак у вачах у вас часам дваіцца,— «лез у бутэльку» п'янаваты хлопец.

— Ігар! — па-бацькоўску ўшчувальна спыніў свайго камісара камандзір.

— Усё, Аляксей Іванавіч! Нямею. А пакуль я нем, то п'ю і ем,— маладосці ўсё-такі хацелася блазнаваць.— Налівайце, таварыш маёр.

— Нацадзі.

Ігар падняў ужо зморшчаны ў верхняй частцы бурдзюк, пабоўтаў.

— Ёсць газа! — і зноў да маёра: — Якаў Міхайлавіч!

Прадайце бурдзюк. Не мне. Атраду. Не пойдзеце ж вы з ім у Мінск.

Напамінак пра Мінск быў для Золатава асабліва непрыемны, бо задачу начальства не адмяняла, пацвердзіла і ў сённяшняй радыёграме.

Камандзір спецгрупы не адну ноч ламаў галаву — каго яшчэ паслаць, трэцяга. І самае страшнае было, што ён не верыў сваім, усім, пецярым. А вось гэтаму бязвусаму балбатуну, які на падпіцці бывае зусім несур'ёзным, верыў і апошнім часам выношваў думку паслаць да рэзідэнта Кіпеня. Самога Ігара ўгаварыць лёгка, ахвотна пойдзе. Але ці адпусціць Ман? Дрыжыць, як за сына. Памацаць?

— Слухай, Ігар, ты казаў — у цябе нявеста ў Мінску.

— Была.

—  Пашукаць не хочаш?

— Ветру ў полі? — адразу адбіў Ман.— Яна ж не мінчанка. Што яе магло затрымаць? Хто добра абжыўся, і тыя разбягаюцца па вёсках — бліжэй да зямлі, там хоць бульбіна вырасце.

Не, гэты корч не вывернеш — як ні пацей. Але які калун трэба, каб раскалоць яго? Быў такі «калун» у Золатава — ашаламіць чалавека нечаканым пытаннем.