Читать «Драма» онлайн - страница 11

Іван Шамякін

— Так думаць — безумоўна, не кожнаму. Але ў арміі ёсць паняцце: ваенная гульня. Мы яшчэ ў дваццатыя гады гулялі. Усе. Ад камбрыга да камандзіра ўзвода. На карце ствараліся сітуацыі, якія мелі месца на вайне. Брусілаўскі прарыў, абарона Царыцына, марш Тухачэўскага...

— Каго? — Золатаў зрабіў выгляд, што не пачуў.

— Паход на Варшаву ў дваццатым,— спакойна растлумачыў Ман.— Іншыя аперацыі. Мы ведалі іх вынік, але стратэгічнае, тактычнае рашэнне задачы — хто з нас, бязвусых камандуючых, ведаў? Аднак некаторыя, у тым ліку і я — верыце? — давалі такія нечаканыя рашэнні, што камбрыг наш здзіўляўся. Мне гадзіннік падарыў. Во гэты! — дастаў з кішэні «цыбуліну» «Павел Бурэ», шчоўкнуў крышкай.— Во рэч! Дагэтуль ідзе.

— Стратэгі,— зняважліва хмыкнуў Золатаў. А Брагінскі ахвотна падхапіў гульню:

— Я ўдарыў бы тут, перад намі, на заходнім. Гітлер аслабіў тут сваю групу, кінуўшы сілы на поўдзень.

— Правільна, Навум! А мы ў дапамогу рэйкавы канцэрт арганізавалі б. І бог за нас, дорыць раннюю зіму,— задаволена, быццам наступленне пачалося ўжо, пацёр над печкай рукі Ігар.

— Ранняй зімы не будзе. Гэтая кругаверць ненадоўга.

— У бацькі атамана кажуха няма,— засмяяўся Ігар.— Улетку згарэла камандзірская зямлянка, і ў ёй пагарэла зімовае адзенне.

Золатаў узяў яшчэ адну міску, не новую, з якой елі ўжо.

Брагінскі сцяўся: калі ён зломіць і гэтую, што сказаць яму? На словы асуджэння — не хопіць адвагі. Але змаўчаць — здрадзіць другому чалавеку, камандзіру, якога паважаў больш.

Не, на гэты раз маёр узяў місачку па-ўзбекску, на пальцы, прымерыўся, як бы выпіў з яе.

— Налі, камандзір,— і, можа, упершыню прызнаўся ў сваім настроі: — Засмягла ў душы.

— А ў мяне ў горле перасохла,— падтрымаў Ігар весела, бесклапотна.

— Налівайце, мне што...— не па-камандзірску дазволіў Ман.

Выпіўка ў атрадзе забаранялася, такім быў, бадай, першы пісьмовы загад камандзіра, якога ніхто не назначаў — выбралі самі партызаны, тады іх было ўсяго семнаццаць. Употай загад, канешне, парушалі, але адкрыта, на вачах у камандзіра, парушыў яго толькі Золатаў у першы ж дзень, адзначыў радасную падзею — сустрэчу з партызанамі.

Тады Ман папрасіў:

— Скажыце сваім байцам, каб не рабілі гэтага — у нас сухі закон.

Золатаў здзівіўся такому парадку ў партызан; на фронце п'юць, «наркомаўскія» сто грамаў выдаюць; настроіўся супраць камандзіра: баптыст нейкі.

Ігар, Золатаў, не тоячы задаволенасці, пачалі збіраць на стол.

Камісар пабег на кухню па вячэру. Золатаў дастаў з-пад тапчана бурдзюк і цадзіў з яго ў снарадную гільзу мутную вадкасць. Бурдзюк гэты быў прадметам здзіўлення і кпінаў. Дзядзюля прыязджаў, каб паглядзець на такое дзіва. Навошта ў экіпіроўку спецатрада ўключылі такі прадмет — у Беларусь, у асенні час! Хто будзе несці ваду з сабой? Тут не знаеш, як ратавацца ад яе,— ад балотаў і дажджоў. Але Дзядзюлю рэч падабалася, для якога прымянення — не сказаў. Адразу пачаў таргавацца: «Што возьмеш, маёр?»

Ман засмяяўся:

«Не прадавай, Якаў Міхайлавіч, гэты вялікі камерсант абавязкова ашукае. Хочаш, падковы прадам? Не хочаш? Прыйдзе зіма — тады патанцуеш перад намі. Кланяцца будзеш».