Читать «Толькi не гавары маёй маме...» онлайн - страница 8

Адам Глёбус

Нашто ёй быў патрэбны я, так дагэтуль i не разумею. Тым больш няясна, нашто было мне расказваць усё пра iх адносiны з Юрам?.. Чорт яе ведае. Толькi маё першае каханне супала з першым каханнем Вольгi Пакроўскай да Юры Палякоўскага. Я гадзiнамi гуляў з Вольгаю па мiнскiх парках i выслухоўваў доўгiя споведзi пра тое, што творыцца ў яе на душы, i пра тое, што Юра творыць з яе целам. А пакацiўся ком з гары вельмi проста. Вольга расказала мне пра паштоўку. Аказваецца, Палякоўскi даслаў ёй запрашэнне на свой дзень нараджэння. Вельмi рамантычна, я б нiколi да такога не дапяў, даю слова. Вольга нават паказвала паштоўку. Звычайная — белыя гладыёлусы, i тэкст напiсаны шарыкавай асадкай. Самае звычайнае запрашэнне. Толькi сiтуацыя на днi нараджэння атрымалася незвычайная. Акрамя iмянiннiка i Вольгi на iм нiкога не было. Можаш сабе ўявiць: пустая майстэрня, свечкi, каньяк, цiхi джаз i ён з ёю.

А што са мною было, калi яна расказала? Мне спачатку зрабiлася млосна, а потым я ўвесь стаў, як драўляны. Мы якраз у скверы, каля возера iшлi. Вольга пытаецца ў мяне пра нешта, а я не чую, а калi яна перапытвае, я толькi хiтаю галавою. І тут да яе дайшло. Зразумела мая Вольга Пакроўская, што робiць несусветнае глупства. Ёй раптам таксама зрабiлася не па сабе, i яна пайшла ў возера, як была ў чаравiках, джынсах i сiнiм плашчы, так i зайшла ў ваду. І мяне так моцна пацягнула ў возера, так захацелася зайсцi ў ваду, што i не ведаю, якая моц запынiла мяне, не дала кiнуцца за Вольгаю. У ваду я так i не зайшоў, стаяў на пяску i глядзеў, як прыгожа ляжаць на вадзе фалды яе сiняга плашча. Я думаў, што калi Пакроўская ўтопiцца, дык мне не будзе балюча, я, клянуся Богам, нават хацеў, каб яна пайшла на глыбокае месца i ўтапiлася. Толькi ясней яснага было i тое, што не ўтопiцца мая любая Вольга Пакроўская. І яна сама зразумела, што ў яе нестае сiлы развiтацца з жыццём, i яна абмыла твар халоднай кастрычнiцкай вадою. Як жа ёй цяжка было выйсцi на бераг?! Я i ўявiць не магу. Выйшла. І я моўчкi павёў яе дамоў.

На гэтым бы ўсё i скончылася, бо, як ты сама разумееш, за адным сталом у вучэльнi мы больш не сядзелi. Я перайшоў на апошнi стол, у самы цёмны куток аўдыторыi, i з захапленнем чытаў на занятках белетрызаваныя бiяграфii Гагенаў i Тулуз-Латрэкаў, i мне да чорцiкаў хацелася злётаць у Парыж i пахадзiць па вулiцах, на якiх сканалi ад наркотыкаў Утрыла разам з Мадыльянi. Мяне да глыбiнi душы ўзрушыў той факт, што на пахаванне Мадыльянi прыйшлi ледзь не ўсе парыжскiя прастытуткi. І зусiм не ўзрадавала тое, што на пахаванне Утрыла нiхто не прыйшоў.

Як ты разумееш, маё першае каханне скончылася на возеры. Толькi адносiны з Вольгаю мелi працяг. Яна сама падышла да мяне пасля заняткаў i па-мужчынску прапанавала пагаварыць. Усё ж скульптура — мужчынскi занятак i жанчыны-скульптаркi з цягам часу робяцца падобныя да дзядзькоў. І я не змог адмовiць, я наогул нiчога не сказаў. Яна папрасiла пачакаць яе пасля заняткаў каля дзвярэй вучэльнi.