Читать «Толькi не гавары маёй маме...» онлайн - страница 7

Адам Глёбус

Дробненькi салдат схапiў сапёрную рыдлёўку i пайшоў секчы свайго камандзiра. Але няспешна так сунуўся. Каб адчуваўся драматызм кульмiнацыйнага моманту. Ну, i як ты разумееш, не засек ён нiкога, савецкi салдат — добры салдат, ён нiкога нiколi не засякаў сапёрнай рыдлёўкай, а тым больш свайго камандзiра, якi, мiж iншым, спалiў яго ў танку, але танкiст на тое i танкiст, каб згарэць у танку i стаць героем, а потым на тым свеце выкiнуць сапёрную рыдлёўку i абняць свайго любiмага камандзiра, i яго сябры па подзвiгу таксама абнялi камандзiра i акамянелi ў скульптурнай позе. Жывую скульптуру асвяцiлi чырвоным пражэктарам, i мацi камандзiра разам з закаханай медсястрой прынеслi з-за сцэны i ўсклалi да ног герояў кветкi. І што тут пачалося, скажу — не паверыш. Авацыi, крыкi “бiс” i “брава”, нехта нават “ура” крыкнуў. Вось так: поўны аншлаг, i ўсе задаволеныя. Сапраўдныя салдаты выспалiся i накурылiся ў прыбiральнi, а несапраўдныя зарабiлi свой кавалак хлеба.

Незадаволены застаўся толькi я, бо Вольга мяне суцяшала. Я так расхваляваўся, што ты сабе не ўяўляеш. Са мною такое бывае, што пачынаю крычаць i пагражаць усiм. А тады перад тэатрам я крычаў, што яны ўсе падонкi, i акторы, i рэжысёры, i драматург, i касiркi...Што салдаты падушылi людзей танкамi ў Чэхаславаччыне, i душаць у Афганiстане... Вось, я пра падтэкст абяцаў сказаць, дык у п’есе нiводным словам нiхто не агаварыўся пра Афганiстан, гэта аўтар у падтэкст хацеў загнаць, а загнаў ён туды... Не буду гаварыць, я пра такое не люблю гаварыць, я, калi псiхую, наогул у палiтыку не лезу. Не люблю я палiтыку, я люблю мастацтва i секс, i спорт, i спiрт. І Вольга вельмi тактоўна выкарыстала маю любоў. Мы купiлi дзве зусiм маленькiя, па сто грамаў, бутэлечкi малдаўскага каньяку i распiлi iх у двары на лаўцы. Двор быў стары, пах струхлелым дрэвам, i вакол нас цiха паблiсквалi канторскiя вокны.

Вольга сказала, што ад каньяку мне зробiцца цёпла i лёгка i што яна любiць пiць каньяк з рыльца маленькiх стограмовых бутэлечак, а навучыў яе пiць каньяк Юра Палякоўскi. Я тады толькi здзiвiўся, што выкладчык Палякоўскi навучыў сваю студэнтку пiць з рыльца. Мне сапраўды зрабiлася лёгка, я пацалаваў Вольгу i правёў яе дамоў, а потым доўга стаяў у двары каля трансфарматарнай будкi i глядзеў на яе цёплае акно. Я ж i думаць не думаў, што Юра Палякоўскi будзе працягваць вучыць Вольгу розным дзiўным штукам.

Калi шчыра, дык было нешта неардынарнае ў гэтым Палякоўскiм. Ён быў падобны да невялiкага маладога мядзведзя, асаблiва калi зухавата, па-цыркавому ўскокваў на спартовы ровар i са свiстам вырульваў ад вучэльнi праз арку на праспект. Акрамя гэтага ён любiў Мiкеланджэла, страляў з лука, пiў, як конь, i лiчыўся вельмi перспектыўным маладым талентам. Студэнты паважалi Палякоўскага, бо ў адрозненне ад большасцi глiнамесаў ён ляпiў спартоўцаў, а не герояў грамадзянскай вайны. Можна яшчэ расказаць пра Юру Палякоўскага, толькi я не люблю рабiць нечаканасцi там, дзе не трэба. Таму адразу скажу, што Вольга Пакроўская раскручвала два раманы адначасова. Адзiн са мной, а другi з Палякоўскiм.