Читать «Толькi не гавары маёй маме...» онлайн - страница 118

Адам Глёбус

Сёння я не ў гуморы.

Адам, вельмi хочацца цябе ўбачыць!

Плакаць не буду.

Р. S.У жаночым часопiсе я прачытала, што венгры маюць вялiкую схiльнасць да самагубства, як i наогул усе народы з фiна-угорскай групы. Сапраўды так.

Татахоза. 1976. Жнiвень. 7.

Твая Агi.

* * *

Можа, дэ Сад i падлiчваў — колькi кропель асалоды тоiць у сабе запланаваны здзек, а я ведаю адно — шмат. І асноўная сакаўная слодыч не ў самiх кпiнах, а ў чаканнi свайго ўзвышэння над абранымi ахвярамi. Яны i думаць не думалi, i ведаць не ведалi. Яны спалi i цiхенька ўцягвалi ленiнградскае гнiлаватае паветра праз чатыры дзiрачкi ў двух насах i так жа цiха выпускалi адпрацаваны лёгкiмi газ. Яны ж былi ў гасцях, а таму не маглi сабе дазволiць сапцi. Як i я не мог рыпець спружынамi старога, купленага знарок для гасцей, цёткiтосiнага фатэля. Я ляжаў перад сном i думаў пра Музей рэлiгii i атэiзму, што месцiўся ў Казанскiм саборы. У думках абыходзiў экспазiцыю i ўважлiва разглядаў прылады для катавання.

Мне спадабалася жалезная маска з даўжэзным доўгiм носам, на якi насаджвалi кавалак смажанага мяса, каб закутая ў кайданы ахвяра памерла з голаду, бачачы страву i чуючы водар смажанiны. Падобных прылад было шмат, поўныя сутарэннi, i ўсе яны належалi каталiцкай iнквiзiцыi. Зрэшты, i праваслаўная царква мела ў музеi адпаведны звярыны твар. На сценапiсе ў пякельным полымi гарэлi Леў Талстой i Мiхаiл Лермантаў. У класiкаў расейскай лiтаратуры былi акуратныя, нiбыта перамаляваныя з энцыклапедыi, тварыкi. Быў у Музеi рэлiгii i атэiзму адзiн беларускi твар, i нават не твар, а толькi профiль — на маленькiм фотаздымку, пад якiм стаяў подпiс: "Гiтлер вiтае здраднiка савецкага народа Абрамовiча, якi абвясцiў незалежнасць беларускай праваслаўнай царквы". На здымку Гiтлер усмiхаўся; мусiць, думаў пра блiзкае аб'яднанне Еўропы. Абрамовiч таксама ўсмiхаўся, мусiць, думаў пра доўгае жыццё беларускага фашызму. Абодва трымалiся за таўсцезную кнiгу. Хто каму дорыць цi перадае — няясна. Што за кнiга — невядома. Можа, Бiблiя, а можа, i "Мая барацьба".

З размовы пра аўтакефалiю беларускай царквы я i пачаў гутарку з Валодзем Бортнiкам. У яго стрыечны брат служыў папом, таму тэма зацiкавiла, Бортнiк нават сказаў... Мог i сапраўды быць факт суверэнiзацыi царквы. Але размова пра рэлiгiю была шырмаю, мяне зусiм не цiкавiў Гiтлер з Абрамовiчам, мяне хвалявала, як адрэагуе пара з несапраўдным каханнем на пару з каханнем сапраўдным. Цi спраўдзiцца мая надзея на ўзвышэнне. Спраўдзiлася. Бялькевiч звяла, згарнулася, як зрэзаная лiлея без вады. А я з садысцкай радасцю зазначыў, што прынiзiў сяброў. І апраўдваў сябе тым, што чалавека нельга прынiзiць да таго часу, пакуль ён сам не пажадае прынiжэння. Я меў поўнае перакананне — Бортнiк i Бялькевiч жадалi прынiжэння. А iнакш нашто ён паўсюль расказваў пра вельмi iнтымныя рэчы. А яна прынiжала яго капрызамi i бясконцымi патрабаваннямi. А я прынiзiў iх абаiх, бо побач з дохлым ценем мiнулай любовi паставiў жывое каханне з першага погляду.

Я атрымаў задавальненне, а ўсе астатнiя не цiкавiлi мяне, нават Агi, з якой у нейкiх кавярнях, на нейкiх паркавых лаўках я парастрасаў, параскiдаў, праўсмiхаўся тры наступныя днi. І зусiм нечакана для сябе працверазеў i ўбачыў — сяджу на чыгуначным вакзале адзiн.