Читать «Толькi не гавары маёй маме...» онлайн - страница 116

Адам Глёбус

Ісцi да цёткi Тосi мне зусiм не хацелася. Мяне перапаўняла радасць, чамусьцi карцела зрабiць паскудства. І я надумаўся затэлефанаваць Валодзю Бортнiку. Ён здзiвiўся... Чаму так позна? Можа, нешта здарылася? Па ягоным голасе я адчуў, што клышатопка Бялькевiч пазiрае ў Бортнiкаў рот. Я паабяцаў папрасiць прабачэння. З неўрастэнiчкамi трэба трымацца добразычлiва. Асцярожны Бортнiк, намацаўшы ў маiм абяцаннi страхоўку, пагадзiўся сустрэцца каля крамы Пасаж.

У мiнскiх мастакоў было ўлюбёнае месца ў краме Пасаж.

Якое гнюснае слова — улюбёнае, як гаршчок, поўны бруднасцяў, яго нясеш, а ён хлюп-хлюп — улюбёнае.

Дык вось, улюбёным месцам быў аддзел мастакоўскага рыштунку. У iм было ўсё, што трэба мастаку для поўнага i глыбокага задавальнення. Не было хiба што кандомаў, але я асабiста не люблю кахацца праз гумку, нават праз замежную i вельмi тонкую; гэта тое самае, як лiзаць цукар праз шкло. Непрыемны стан. Вось у падобны стан я i задумаў загнаць Яню Бялькевiч. Бортнiк, пэўна ж, i не здагадваўся, якi плюгкi каравяк я збiраюся падкласцi ягонай каханцы пад абцас. Бялькевiч, дык тая ўвесь час нешта падазравала, яна i на асфальце бачыла купiны. І як жа мне карцела напляваць у вочы гэтай дзеўцы з капрызлiвым характарам! Але я не шукаю сабе непрыемнасцей, нават калi раблю iх iншым.

Пасля тэлефоннага развiтання з Бортнiкам настрой палепшыўся. Ён яшчэ больш узняўся каля кiнатэатра "Масква". Я напляваў самым лiтаральным чынам на сукенку намаляванай, афiшнай, а праз тое яшчэ больш французскай i пранцаватай Пампушцы. Расцёр слiну ўказальным пальцам i тым жа чорным пальцам намаляваў на прасталытчыным тварыку прускiя афiцэрскiя, салдафонскiя вусы. Ну, люблю я маляваць. А тое, што гераiня класiчнай заходнееўрапейскай навелы закрыўдавала — яе настроi, яе праблемы. Я, дарэчы, салiдарны з большасцю (быць салiдарным з большасцю — нацыянальная рыса беларуса!) персанажаў мапасанаўскага шэдэўра. Яны асудзiлi Пампушку за тое, што легла пад ворага Бацькаўшчыны, акупанта Францыi, ворага аб'яднанай Еўропы, якую так хацелi зрабiць Напалеон з Гiтлерам. А што ж яна думала? У хiханькi-хаханькi з заваёўнiкам гуляць? Так не бывае. Акупант на тое i акупант, каб гвалцiць, прымушаць, рабаваць. А Пампушка перад iм свой гонар паказала. Каму трэба гонар прасталыткi? Калi шчыра, дык i заваёўнiк у навеле "Пампушка" занадта ўжо тактоўны. Усё ён намёкамi, паўтонамi, праз памагатых. Не, каб узяць i згвалтаваць усiх мужчын, а коней зарэзаць, а жанчын закатаваць. А ён сарамлiвы, паўтыдня правалаводзiўся з прастытуткай. А вось мой твор, дзякуючы доўгiм тэарэтычным пошукам, атрымаўся: германскi вусаты афiцэр i французская ружовашчокая б...дзь у адной асобе, вось ён — сiмвал аб'яднанай Еўропы!

* * *

Дарагi мой сябра Адам, прывiтанне!