Читать «Адзiнота на стадыёне» онлайн - страница 50

Адам Глёбус

Я не заўважыў, як той, з кiм я на "ты", знiк. Калi грымнулi дзверы, я ўбачыў пусты табурэт, i калi я ўбачыў чатырохногi табурэт, зразумеў: карлiку былi патрэбны абцасы, каб даставаць да падлогi, калi ён сядзеў на канцэрце.

* * *

Я ведаю, што ён, той, з кiм я заўсёды на "ты", прыйдзе. Прыйдзе, каб сказаць: "Здароў, злыдух!" Я чакаю. Чакаю, калi грымнуць дзверы i гулкi калiдор напоўняць упэўненыя крокi, калi ўсё будзе як заўсёды.

Часам я гавару з iм — сам з сабою, сам-насам. Але гэта блага, гэта ненармальна заставацца на год сам-насам. Трэба, каб ён, той, з кiм я нiколi не быў на "вы", прыйшоў i сеў насупраць мяне на табурэт. I ён прыйдзе. Ён прыйдзе, i грымнуць дзверы. Галоўнае, каб я быў на месцы, каб я быў адзiн i работы было па горла.

Вентылятар

Мужчына ляжаў на канапе i чытаў газету. Ён адпачываў. Мужчына паклаў пад галаву падушку i няспешна праглядаў артыкулы i фотаздымкi. Ён лiчыў, што мае поўнае права паляжаць вечарам на верандзе ў цiшынi i паглядзець газету.

У другiм кутку веранды ў вялiкiм крэсле спаў сiвы дзед. Ён быў у тым узросце, калi ява i сон вельмi хутка i амаль незаўважна змяняюць адно другое. Дзед прыйшоў на веранду, каб пагаварыць з сынам, але не заўважыў сам, як заснуў у старым любiмым крэсле.

На светлай падлозе стаяў белы вентылятар. Ад вентылятара да разеткi струменiўся тонкi дрот. Вентылятар нетаропка паварочваў цылiндрычную галаву i абвяваў вялiкую частку веранды, ад канапы да крэсла.

— Цiкавы факт, — гучна, каб пабудзiць бацьку, сказаў мужчына.

— Як? — дзед павярнуў галаву.

— Людзi крадуць грошы ў дзяржавы... На, пачытай...

— Я не чытаю вашых газет.

— I калi гэта ты газеты перастаў чытаць?

— Як вы пачалi пiсаць пра ЯГО.

— Пры чым тут ЁН?! Я кажу, людзi крадуць дзяржаўныя грошы, кладуць у сваю кiшэню мiльёны i не баяцца, што iх выкрыюць i застрэляць. Цiкавы факт — у Маскве...

— Нецiкава мне, — бацька не дае сыну дагаварыць. — Мне нецiкава чытаць i глядзець тэлевiзар. Радыё яшчэ магу паслухаць, калi музыка, але шум вентылятара мне больш падабаецца. Вуркатанне вентылятара я люблю слухаць удзень, а ўночы прыемна ўслухоўвацца ў шапаценне вiнаграднай лiстоты.

— Ты кажаш так, быццам я вiнаваты, што пра ЯГО пiшуць.

— Ты не вiнаваты. Нiхто не вiнаваты. Ты не пiшаш i не крадзеш, я не чытаю. Вiнаватыя адышлi ў нябыт. Ты хочаш спрэчкi, табе патрэбна дзеянне, а мне спакой. Выключы вентылятар, калi ласка.

Мужчына ўстаў i выключыў вентылятар. Пластыкавыя пялёсткi застылi ў цiшынi, з якой выплыў шолах вiнаграднай лiстоты.

Вечар прынёс палёгку. На веранду прыйшла прыемная пасля дзённай задухi прахалода. Вiнаград шчыльна аплятаў веранду, i па сценах плавалi дрогкiя авалы святла.

Зайшоў загарэлы хлопчык i спытаў:

— Можна, я пайду ў порт паглядзець, як адыходзiць карабель?

— Гуляй у двары, — адказаў мужчына i лёг на канапу.

— Та-а-ат, — зацягнуў хлопчык.

— Якi сягоння карабель? — спытаў дзед.

— "Расея" i "Эстонiя". "Эстонiя" адыходзiць, а на яе месца, каля другога прычала, стане "Беларусь". Тры караблi ў порце. Та-а-ат, мне хочацца схадзiць. Усе хлопцы з двара iдуць.