Читать «Адзiнота на стадыёне» онлайн - страница 49

Адам Глёбус

— Ты абяцаў.

— Абяцанкi... Можна без гэтага.

— А раней?

— Што раней? Раней было тое самае, што зараз. Як заўсёды.

— Раней ты прасiў, i я прыходзiў, — сказаў ён.

— Раней i я прыходзiў, калi прасiў ты. Мо не так?

— Так.

— Дык што?

— Ты — злыдух.

— Усё. Хопiць, — сказаў я, узяў пэндзаль i зафарбаваў адбiткi ягоных пальцаў на лiтары "а" ў слове "магазiн".

Ён сеў насупраць мяне на табурэт i закурыў новую цыгарэту.

— Не хвалюйся. Я хутка пайду. Выкуру цыгарэту i пайду, — сказаў ён.

— Я не хвалююся.

— Хвалюешся. Бачу. Не хвалюйся, я дараваў.

— Мне дараванне не патрэбна.

— Яно патрэбна мне, — сказаў ён i ўстаў. Ён затушыў недапалак у струменi вады i шпурнуў у сметнiцу да папер.

— Колькi мы не бачылiся? — спытаў ён.

— Год, — сказаў я, бо гэта я помню дакладна — над рукамыйнiкам на сцяне застаўся надпiс: 29 верасня ў панядзелак у 20 гадзiн быць у майстэрнi з iнструментам.

— Год, гэта многа, — сказаў ён.

— Ты прыйшоў павiншаваць мяне з Новым годам?

— Не, я прыйшоў, каб прапанаваць работу, — сказаў ён i сеў насупраць мяне на чатырохногi табурэт.

— Учора я бачыў карлiка...

— Мяне гэта не цiкавiць, — сказаў ён.

— Паслухай. Учора вечарам я бачыў карлiка ў падземным пераходзе. У пераходзе было многа народу. Я курыў каля выхаду з метро. Ты ж ведаеш, я не люблю, калi ў метро многа народу — скончыўся канцэрт. Народ разышоўся. Я пачуў за спiнаю крокi падкаваных абцасаў. Мне падалося, што iдзе велiкан. Я азiрнуўся i ўбачыў карлiка. Карлiка на вялiкiх абцасах. Нашто карлiку такiя высокiя абцасы? Ты падумай, ну нашто яму гэтыя пяць сантыметраў, калi ён усё роўна застаецца карлiкам?

Адна з шасцi лямп не гарэла. Ён курыў i не слухаў пра карлiка. Яму было нецiкава. Ён устаў, потым узлез на табурэт, выкруцiў лямпу дзённага святла, тую, што не гарэла, i паставiў у сметнiцу.

— Так лепш, — сказаў ён.

— Трэба ўставiць лямпу, — сказаў я.

— Будзе больш святла i больш чысцiнi, — пагадзiўся ён.

— Трэба ўставiць лямпу, тую, што ты паставiў у сметнiцу.

— Чаму? — здзiвiўся ён.

— Яна цэлая.

— А чаму не гарэла?

— Не была ўкручана да канца, таму што адна лямпа павiнна быць запасной, як чацвёртая нага ў табурэце. Табурэт стаiць на трох нагах, чацвёртая ў запас...

— Не разумею, — сказаў ён.

— Гэта няважна.

Ён дастаў лямпу са сметнiцы i ўставiў яе. Святло мiргнула. Лямпа загарэлася. Тады ён трохi выкруцiў яе. Лямпа патухла. Ён сеў на табурэт.

— Паслухай... — сказаў я. — Сягоння ранiцай, калi ехаў на працу, я зноў сустрэў таго ж карлiка. Карлiк сядзеў у трамваi побач з неграм. Абцасаў не было, не было тых высокiх падкаваных абцасаў, былi звычайныя. Негр сядзеў, выставiўшы ногi на праход, а ногi карлiка вiселi над падлогаю. Тулава i галава ў карлiка былi большыя, чым у негра. Спачатку я не пазнаў яго. Мяне здзiвiла вялiкая галава. Я падышоў блiжэй i толькi калi ўбачыў кароткiя ногi — пазнаў яго. Калi не бачыць карлiкавых ног, можна было падумаць, што побач з неграм сядзiць вялiзны чалавек — велiкан.

— Нашто мне карлiк? — спытаў ён.

— Не ведаю.

— Я прыйшоў, каб прапанаваць добрую работу за добрыя грошы, — сказаў ён.

— У мяне хапае работы. У мяне па горла работы. Мяне не цiкавiць работа. Мяне цiкавiць — нашто карлiку спатрэбiлiся пяцiсантыметровыя абцасы?