Читать «Бліндаж» онлайн - страница 14
Васіль Быкаў
4. Обер-яфрэйтар Хольц
Обер-яфрэйтар Хольц каторы раз крадком падбіраўся да бліндажу, стаіўшы дыханьне, слухаў. Ён ужо ведаў, што там хаваецца паранены рускі, хоць яшчэ ні разу ня бачыў яго. Затое ён бачыў, як сёньня па схіле пагорку ўніз бегла руская жанчына з клумачкам у руках — напэўна, несла сюды правіянт. Сапраўды, хутка яна зьнікла ў траншэі недзе каля таго бліндажу, доўга не паказвалася адтуль, і Хольц, падкраўшыся па траншэі бліжэй, намагаўся падслухаць іхнюю размову. Аднак чуваць было кепска, да таго ж перашкаджаў дождж — гучна лапатаў па яго напятай на плечы, злубянелай палатцы, хоць скідай яе ў гразь. Можа, і варта было б скінуць, каб пачуць, аб чым там гаварылі рускія, ды Хольц ня быў упэўнены, што, пачуўшы, нешта зразумее — усё ж яго веданьне рускай мовы было дужа адносным. Неяк пад горадам Баранавічы, дзе ён два дні кватараваў у рускай гаспадыні, ён спрабаваў загаварыць з ёй, дык не зразумеў нічога, дарэчы, як і яна яго таксама. Аказваецца, як ён дазнаўся пасьля, гэтая руская мова мае яшчэ дыялекты, беларускі напрыклад, зразумець які яму не памог і ягоны нямецка-рускі размоўнік, што ён заўсёды насіў у кішані шыняля. Насіў да той памятнай начной бамбёжкі ў Оршы, калі Хольц гэтак бязглузда згубіў боты, санітарную сумку і шынелак з тым самым размоўнікам. Праўда, сансумку яму неўзабаве выдалі новую, боты ён таксама прыдбаў у фельдфебеля батальёну Зудермана, а шыняля з размоўнікам так і не расстараўся аж да гэтага жахлівага бою. Зрэшты, цяпер і тое, і другое было б яму вельмі дарэчы. Асабліва шынелак.
Усё ж пакуль выручала палатка — штатная камуфляжная трохвуголка з металічнымі правушынамі па ражках, без яе ён, мусіць, прапаў бы.
Адышоўшыся на тры-чатыры траншэйных калены, обер-яфрэйтар асьцярожна выглянуў з-за бруствера — тая руская жанчына была ўжо далекавата, можа, на самым версе пагорку, цяпер яна бегла без аніякай ношы — значыць, клумачак пакінула ў гэтага параненага рускага. Цікава, якога яна ўзросту, гэтая жанчына, можа, маладая, падумаў Хольц. Паранены, мабыць, таксама малады афіцэр ці сяржант, і ў іх, магчыма, каханьне, можа, такое, як апісваецца ў рускіх раманах Талстога ці Дастаеўскага. Гэта, канешне, здорава — каханьне да параненага салдата, яна клапоціцца аб ім, лечыць, носіць ежу і захоўвае вернасьць навек. А калі ён памрэ, дык яна паступіць у манастыр і будзе да канца сваіх дзён маліць за яго бога. Прыгожае каханьне, шкада, у немцаў такое не прынята.