Читать «Сцюжа» онлайн - страница 8

Васіль Быкаў

Тады ім ніхто патрэбны не быў, яны спадзяваліся на саміх сябе: група мела сілу, у іх быў спрыт, здароўе, даволі харчоў, зброя і боезапас. Яны маглі даць бой і нават перамагчы, бо ўжо збольшага навучыліся рабіць засады, нападаць знянацку. Цяпер жа Азевіч застаўся адзін, нібыта ўжо не партызан, а згаладнелы няўдака-чалавек, і яму патрэбны былі людзі, харч, жытло. Без таго, адчуваў ён, нядоўга стрывае. На носе зіма. Зімою ж аднаму ў лесе — пагібель.

Ён выбраўся са свайго лаўжа, хоць яшчэ было віднавата, яшчэ толькі пачало змяркацца. Цяпер ягоная пара — ноч. Ну і, можа, яшчэ восеньскі вечар. Уздзеў на плячо вінтоўку, на другое плячо ўскінуў свой старэнькі, аблезлы рукзак, з якім пайшоў у той ранак з мястэчка, сабраўшы што-нішто з неабходных рэчаў: пару запасных ануч, бялізну, брытву, кніжку "Гісторыя ВКП(б), кароткі курс", па якой ён як агітатар праводзіў заняткі ў групе. Тошчы гэты рукзак не шмат важыў і не замінаў у шляху Цяпер болей замінала тоўстая гарадзілаўская сумка, і ён раз-пораз адкідваў яе за сцягно. Патроху, аднак, цямнела, кустоўе і лес за лужком браліся змрокам, дальні падлесны канец лугавіны і зусім прапаў у туманістай навалачы. Азірнуўшыся, Азевіч спорна пайшоў дарожкай і думаў, што, мабыць, з такой яго экіпіроўкай толькі і хадзіць паначы. Удзень нельга. Удзень хто не ўбачыць, нават здаля, адразу здагадаецца, што за прахожы. Добра яшчэ, калі адно — здагадаецца. А калі пакліча паліцыю? Што ж тады яму — распачынаць перастрэлку і гінуць па-дурному? Не, па-дурному гінуць ён не хацеў. Хіба калі ўжо нявыкрутка, тады што ж... Не ён першы, не ён апошні.