Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 183

Ніл Гілевіч

Покамест молод, малый спрос: Играй. Но бог избави, Чтоб до седых дожить волос, Служа пустой забаве.

Вельмі мудрае папярэджанне ўсім, хто шукае сябе ў творчасці!

— Наколькі важная спецыяльная літаратурная адукацыя для маладога пісьменніка?

— Не лічу, што такая адукацыя можа мець нейкае істотнае значэнне для творчага лёсу пісьменніка. Грунтоўна адукавацца ў літаратурных адносінах можна і самастойна. Але адно, я ўпэўнены, павінна быць ясным: ёсць такая адукацыя ці не, а літаратуру трэба ведаць добра, трэба як мага больш чытаць. У тым ліку — і сваіх знаёмых, таварышаў і сяброў. Без гэтага прафесіянальны літаратар мне не ўяўляецца.

— Адносіны прызнаных майстроў слова і пачаткоўцаў — што Вы скажаце аб гэтым?

— Кожны сёння вядомы, сталы майстар некалі быў пачаткоўцам, помніць, як яго радавалі ўвага і падтрымка з боку прызнаных, а тым больш масцітых пісьменнікаў, і помніць, які ён быў удзячны ім за гэта. Думаю, так ёсць і сёння і так будзе заўсёды. Залішне апекаваць маладога аўтара, цягнуць за руку ў літаратуру не варта, але дапамагаць таленавітай моладзі, асабліва ў справе друкавання і выдання, старэйшыя таварышы абавязаны. Маладых трэба вучыць не пісаць, а жыць — жыць сумленна і чыста, вялікім, змястоўным, па-грамадзянску актыўным жыццём.

— Якія творы маладых беларускіх пісьменнікаў апошняга часу Вы лічыце найбольш удалымі і чаму?

— У нас маладымі — па якойсьці не толькі нямудрай, але і шкоднай звычцы — лічаць 35-40-гадовых аўтараў, у кожнага з якіх па некалькі кніжак. Так у свой час было з нашым пакаленнем, гэта ж назіраецца і зараз. Кніг жа сапраўды маладых, каму 20-25 гадоў, я не бачу на прылаўках, яны выйдуць, відаць, калі іх аўтарам стане па 30-35. А такіх паэтаў, як Яўгенія Янішчыц, Ніна Мацяш, Віктар Гардзей і іншыя іх равеснікі, я не лічу маладымі, гэта ўжо аўтары сталыя.

З хваляваннем і болем душэўным чытаў першую і адзіную кнігу Леаніда Якубовіча — назаўсёды 22-гадовага, назаўсёды маладога. У яго вершах — тыя якасці, што мне вельмі імпануюць у паэтычнай моладзі: акрэсленасць грамадзянскай пазіцыі, сур'ёзнасць у поглядах на жыццё і паэзію, патрабавальнасць да сябе, чысціня і светласць пастрою.