Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 182

Ніл Гілевіч

Даючы ў цэлым высокую ацэнку тому «Выслоўі», я не хачу сказаць, што гэта выданне ва ўсіх адносінах бездакорнае. Напэўна, ёсць у ім і пралікі і недагляды. Але, напісаўшы гэта, я падумаў: а які фальклорны том якога ўкладальніка выйшаў бездакорны, без пэўных пралікаў і недаглядаў? Я такіх выданняў не ведаю. Толькі хто ніколі не браўся за падобную работу, той не знае, як яе «лёгка» выканаць, як «лёгка» літаральна ўсё ўлічыць і дагледзець. Тым больш калі зборнік складаецца з такога разнастайнага матэрыялу ды яшчэ ўпершыню, не па гатовых узорах.

Прызнаюся, што чытанне «Выслоўяў» прынесла мне нямала сапраўднай асалоды. Многія выразы я паўтараў і што называецца смакаваў у захапленні: хацелася запомніць — з прыкідкай, што можа вельмі спатрэбіцца ў літаратурнай працы. Не сумняваюся, што і тысячы чытачоў атрымаюць ад кнігі такую ж асалоду і многае возьмуць для сябе — для душы, для творчасці, для ўзбагачэння і ўпрыгожання сваёй мовы. Асабліва — пісьменнікі, журналісты, артысты, выкладчыкі-славеснікі, наогул, усе, хто ўмее цаніць і паважаць трапнае, дасціпнае, мудрае слова народа.

1976

Адказы на пытанні газеты «Чырвоная змена»

— Майстэрства пісьменніка. У чым яно?

— З таго часу, як узнікла крытыка і літаратуразнаўства, гэтаму пытанню прысвечаны горы кніг і артыкулаў, як жа можна адказаць на яго ў некалькіх радках анкеты? Ды і ці можна гаварыць пра пісьменніцкае майстэрства наогул — яно ж у кожнага сапраўднага творцы сваё, кожны з іх майстар па свой лад, у кожнага свае мастацкія сродкі і прыёмы. Таму і вучыцца майстэрству малады паэт ці пісьменнік павінен перш за ўсё сам, ісці да яго сваім уласным шляхам.

Анкета пытае: у чым майстэрства, а мяне больш непакоіць, чаму ў нашай сённяшняй паэзіі яго так мала. Майстэрства вымагае вялікай самаахвярнай працы, а мы працаваць над радком і над словам не хочам. І крытыку гэта не турбуе. Зборнікі малапісьменных, неахайных, сяк-так віламі скіданых вершаў нярэдка залічаюцца ў друку да дасягненняў і нават выдатных з'яў паэзіі. Мне даводзілася бачыць, як вершы некаторых такіх «майстроў» не толькі напраўляюць, але і перапісваюць нанава ў рэдакцыях часопісаў і ў выдавецтвах. Чаму ж не зрабіць гэта — не перапісаць, калі трэба, і дваццаць разоў! — самому? Паспрабуйце ўявіць, што нехта ў рэдакцыі папраўляе, паляпшае, «даводзіць» да ўзроўню «Ліст з палону» або «Варшаўскі шлях» Аркадзя Куляшова? Ды не, такое ўявіць немагчыма. Дарэчы, калі гаварыць пра майстэрства, дык вось прыклад майстра ў сучаснай беларускай паэзіі сапраўды вялікага і дасканалага.

— Як Вы спалучаеце традыцыі і наватарства?

— Сур'ёзны аўтар, пішучы твор, не думае: што ў яго ад традыцый, а што — наватарскае і як лепей тое і другое спалучыць. Твор нараджаецца натуральна, як жывы арганізм. І калі ў аўтара ёсць талент, які апіраецца на вялікі і трывалы культурна-духоўны грунт, і ёсць гарачае, неспакойнае, чуйнае сэрца грамадзяніна, якое жыве праблемамі, клопатамі і трывогамі свайго часу, і ёсць свой погляд на жыццё і на стан рэчаў, свой характар і тэмперамент, то ў яго творчасці традыцыйнае непазбежна спалучыцца з наватарскім. Іначай сказаць, калі аўтар — самастойная творчая асоба, то напісанае ім эпігонствам не будзе, а будзе словам яго асабістым, новым, такім, якога не было. Будзе наватарскім. Хоць у нечым, прынамсі. Калі ж аўтар пачынае спецыяльна клапаціцца аб тым, каб быць арыгінальным, непадобным на іншых, калі гэта становіцца самамэтай — тады сур'ёзная творчасць канчаецца, а пачынаецца гульня, якая можа быць і забаўнай, і бліскучай, можа і здзіўляць нават, але не можа, не здольная дапытацца ў душы чытача слёз — тых слёз удзячнасці і шчасця, што з'яўляюцца вышэйшай ацэнкай творчасці. Па кнігу такой паэзіі рука не пацягнецца, каб перачытаць яшчэ раз, калі на душы цяжка, ці горка, ці сумна. У А. Т. Твардоўскага ёсть такія радкі: