Читать «Выбар» онлайн - страница 143
Ніл Гілевіч
А як жа гэта мы з табою жывём, не ведаючы, што ў нас жа, на нашай жа роднай зямлі існуюць такія цуды мастацтва, створаныя нашымі дзядамі-прадзедамі? Як жа гэта мы маглі мірыцца, што такі прыгожы плён творчага генія народа знаходзіўся ў забыцці-занядбанні, не служыў людзям, новым пакаленням, творцам і гаспадарам будучыні? Ад думкі, што мы маглі б спазніцца і ўсё гэта магло б загінуць, беспаваротна, бясследна кануць у небыццё, — аж млосна робіцца. Страшна і на міг дапусціць у думках такое — цяпер, калі ўжо мы гэта пабачылі, калі ўжо яно перайшло ў нашы душы і сэрцы і стала часцінкай нашага духоўнага быцця. Ну, добра, — пранізвае неспакойная думка, — гэта паспелі разумныя людзі ўратаваць, гэтаму загубіцца і згінуць не далі, а колькі ж такога загінула, колькі такога страчана для нацыянальнай і агульначалавечай культуры назаўсёды? Колькі?.. Не будзем сёння ўдавацца ў падобныя невясёлыя падлікі — хаця б таму, што страчанага не вернеш. Падумаем пра іншае — пра тое, дзеля чаго я, шчыра кажучы, і прамаўляю гэта невялікае слова. Пра тое, што яшчэ у нашым народзе жыве, што яшчэ ў яго духоўным побыце і ў памяці захоўваецца — хоць прызабытае, прымёрлае, прызасыпанае пылам-трухою часу, смеццем модных этыкетак наноснай — і танцавальнай, і песеннай, і бытавой — псеўдакультуры. Пра тое, што ячшэ можна — ячшэ не позна — адшукаць, знайсці і творча выкарыстаць, даць новае, у новых грамадскіх умовах, жыццё, і такім чынам вярнуць народу ягоныя ж скарбы, узбагачаныя талентам новых, маладых пакаленняў.
Фальклорны вечар «Чатыры пары года» вельмі пераканаўча засведчыў, што, па-першае, у народным побыце яшчэ можна апытаць шмат каштоўнага харэаграфічнага і іншага відовішчнага фальклору, — акцэнтую ўвагу на гэтых відах народнай творчасці, паколькі да апошняга часу на Беларусі збіраўся пераважна фальклор вусна-моўны, славесны (казкі, песні, прыказкі і г. д.), а па-другое, што гэты фальклор можна і трэба — абавязкова трэба! — браць на ўзбраенне, каб жывіць ім сучаснае нацыянальнае мастацтва, сучасную духоўную культуру. Нават сціплы студэнцкі канцэрт паказаў, якія багатыя запасы паэзіі, хараства, мастацкай фантазіі ў простых, немудрагелістых народных скоках, абрадах, гульнях, у карагодах і песнях і як усё гэта можа хораша паслужыць эстэтычнаму выхаванню сучаснікаў, калі паставіцца да справы творча, зацікаўлена, з натхненнем, калі кіравацца высокімі патрыятычнымі мэтамі.