Читать «Выбар» онлайн - страница 142

Ніл Гілевіч

Что прежде всего необходимо в нашей жизни отвергать и выкорчевывать? Ложь и лицемерие. Считаю, что этот порок за долгие десятилетия развился так, что стал самым тяжелым и самым опасным недугом нашего общества. Из лжи и лицемерия (а это и есть: говорим одно, а делаем другое) прогресс восходить не может. Прогресс, о котором ныне все заботы наши, может зиждеться только на Совести — на великой человеческой Совести. Да поможет литература человеку на этом единственно достойном его пути!

1989, март.

ПЛЁН — БУДЗЕ, ДЫ ЯШЧЭ ЯКІ ПЛЁН!..

«Літаратура і мастацтва» за 25 студзеня 1985 г.

Пішу гэтыя радкі пад уражаннем ад незвычайнага фальклорнага вечара «Чатыры пары года», які адбыўся ў Доме літаратара ў Мінску. У надрукаванай праграмцы вечар так і названы: «фальклорны» — і гэта правільна, бо ўсё, што ўбачылі шчаслівыя гледачы на сцэне, — фальклор, беларуская народная творчасць, з тым, аднак, удакладненнем, што творчасць не наогул, а харэаграфічная, народны танец і скокі, з элементамі спеву, гульні, абраду. Яно і зразумела: вечар падрыхтаваны на кафедры харэаграфіі Мінскага інстытута культуры — спецыялістамі ў галіне менавіта танцавальнай народнай творчасці (загадчык кафедры прафесар Ю. М. Чурко, мастацкі кіраўнік курса, занятага ў вечары, выкладчык В. П. Бяляева).

Чаму я назваў вечар незвычайным, а гледачоў — шчаслівымі? Ці ёсць падставы для такіх высокіх эпітэтаў? Упэўнены, што ёсць. І справа, думаю, не ў асабістых эмацыянальных адносінах да таго, што дзеялася на сцэне. Эмоцыі — узнікаюць і праходзяць, а памяць і думкі — застаюцца. Што да памяці — дык вечар пакінуў у душы след чагосьці святочнага, радаснага, менавіта незвычайнага, бо не часта даводзіцца штось падобнае бачыць, — з такім цудам сапраўднай народнай творчасці сустракацца. Шчыра кажучы, такога багатага вянка беларускіх народных танцаў на сцэне нешта і прыгадаць не магу. Ну і вядома: калі для гледача адкрываецца столькі незвычайнага, новага, цікавага, дабаўлю — радаснага і ўцешнага, то ў яго нараджаюцца і нейкія думкі. Падзялюся збольшага тым, пра што думалася ў зале і пасля, па дарозе дадому, мне — аднаму з нямногіх шчасліўцаў. (Ах як я спачуваю вам, дарагія калегі, — усім, хто меў запрашэнне на вечар і прамяняў яго на цёплае драманне перад чарговым тэлесерыялам! Як вы многа страцілі, мае паважаныя таварышочкі!..)

Дык вось, на сцэне Дома літаратара студэнты Інстытута культуры (пераважна — трэцяга курса) выконвалі — у сцэнічнай інтэрпрэтацыі — даўнія беларускія народныя танцы, а таксама харэаграфічныя кампазіцыі, сцэнкі, эцюды, пастаўленыя на аснове аўтэнтычнага харэаграфічнага і песеннага фальклору, народных абрадавых дзействаў, забаў і гульняў. У прыватнасці, былі паказаны — падкрэсліваю: у творчым узнаўленні — народныя танцы «Дожджык», «Рэпка», «Цапы», «Кабылка», «Мяцеліца», полькі «Праз нагу», «З падкіндэсам», «Матылёк», «Грабаўшая кадрыля», «Танец з гладышом», вясельны танец каравайніц і іншыя. Ці ўсе яны, паважаны чытач, табе вядомы? Не ўсе? Мне таксама. Пра некаторыя даведаўся толькі цяпер, пачуў і пабачыў упершыню. Былі выкананы харэаграфічныя кампазіцыі і сцэнкі з выкарыстаннем сямейна-бытавых, земляробча-каляндарных абрадаў, зімовых, вясновых і летніх народных святочных гульняў, забаў, карагодаў, песень і нават дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: «Масленіца», «Калыханка», «Першы гром», «Вербачка», «Чубры», «Вясёлае кола», «А ну, спаймай!», «А мы лён расчэшам», «Застолле», «Каравай», «Пераскачы, дарагі», «Скамарохі» і іншыя. Колькі, паважаны чытач, у гэтым дзівосным багацці для цябе незнаёмага, новага? Многа? Для мяне таксама. Многае з гэтага я спазнаў упершыню.