Читать «Рэквіем для бензапілы» онлайн - страница 9
Уладзімір Арлоў
На трэці дзень дзяўчыну выцягнулі з дна і, закруціўшы ў брызент, некуды павезлі.
Вартаўнік лодачнай станцыі дзядзька Мойша сцвярджаў, што за кожнага знойдзенага тапельца даюць вялікую прэмію. Прашамацела чутка, што дзеля гэтага вадалазы самі топяць людзей, чапляюць ім да ног камяні, а потым «знаходзяць» у прыкмечаным месцы.
Я не верыў. Я быў пэўны, што тапельцаў у Дзвіне не будзе бракаваць і без гэтага, і ўяўляў, як вырасту і буду гэтаксама абуваць цяжэзныя боты і шалом з ілюмінатарамі, да якіх пад вадой будуць падплываць і - вочы ў вочы - глядзець на мяне дзвінскія шчупакі. Я буду добра шукаць тапельцаў і часта атрымліваць прэміі, а пасля - самавіта рассцілаць на траве газеціну, няспешна кроіць на ёй сала, не моршчачыся піць з пляшкі з малінавай галоўкаю гарэлку і мачаць зялёны цыбульны хвост у горбачку солі. Кульнуўшы апошнюю чарку і са смакам дажаваўшы цыбуліну, я буду закурваць і, як старэйшы вадалаз дзядзя Коля, напяваць загадкавую фразу: «Пара-па-бабам, пара-па-бабам...»
Апрача тапельцаў, я павінен быў знайсці на дне ракі яшчэ і жалезную скрынку грошай. Цікава, што тапельцы мне ўпарта не сніліся, а вось скрынку я бачыў у сне шмат разоў і дакладна ведаў, як яна будзе выглядаць: аброслая перлавіцамі і спавітая багавіннем, з пудовым іржавым замком і белым чэрапам са скрыжаванымі косткамі, акурат такім, які быў на трансфарматарных будках і які ў нас чамусьці называлі іванам іванавічам.
Тапельцы прысніцца мне так і не паспелі, бо пасля таго, як дзядзьку Чаглея завезлі на могілкі, у нас з'явіўся новы сусед, а з ім і мая новая мроя.
Суседа, які пасяліўся на кватэры ў жонкі следчага Чаглея, звалі дзядзькам Жэнем, і ён працаваў паталагаанатамам. Вымавіць гэткае складанае слова, як і не менш складаную першую літару ягонага імя, я, вядома, не мог і таму казаў, што, калі вырасту вялікі, буду, як «дзядзя Зеня».
У дзядзьку Жэню мне не падабалася толькі адно: абсалютна неспасцігальнае нежаданне хоць раз узяць мяне з сабою на працу.
Усё астатняе страшэнна падабалася.
Падабалася, што ад суседа заўсёды струменіў пах адэкалону, які наводзіў на думку, што там, дзе дзядзька працуе, якраз адэкалон і робяць.
Падабалася ягоная жонка, цётка Таня, якая ўлетку кожны дзень купляла мне марозіва.
Падабаліся нават і не надта прыхільныя размовы, што круціліся вакол іхняе сям'і.
Дарослых немаведама чаму абыходзіла, што дзядзька Жэня і цётка Таня нейкія «нераспісаныя».
На маю думку, не было нічога кепскага і ў тым, што яны «нераспісаныя», і ў тым, што, каб ехаць на адпачынак у купэ ўдваіх, дзядзька Жэня купіў у купэйны вагон не два, а чатыры білеты.
Яшчэ падабалася, што, калі на святы цётка Таня клікала маіх бацькоў да сябе пасядзець, на стале ў нашых суседзяў стаяла не гарэлка, а віно.
Ты ведаеш, я не забыў, як яны паміж сабою чокаліся. Кожны раз тройчы: спачатку звычайна, потым вось так, яе келіх зверху, а потым - зверху ягоны.
Яны абое былі высокія, станістыя і чарнявыя. Дзядзька Жэня насіў прыгожыя чорныя вусы, у цёткі Тані над верхняй вуснінай таксама прабіваўся цёмны пушок, які па часе абяцаў ператварыцца ў акуратныя вусікі. Я думаў, што, можа, з гэтае прычыны Чаглеіха і казала пра кватарантаў за вочы - «мае жыды».