Читать «Рэквіем для бензапілы» онлайн
Уладзімір Арлоў
Уладзімір Арлоў
РЭКВІЕМ ДЛЯ БЕНЗАПІЛЫ
Аповесці. Апавяданні
Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Арлоў, Рэквіем для бензапілы: Аповесці, апавяданні — Мінск: Мастацкая літаратура, 1998. — 240 с.
Рэдактар: Леанід Дранько-Майсюк
Полацкія апавяданні
Малекула
Магчыма, вы таксама памятаеце навелу Сомерсэта Маэма пра рудога жабрака з выпаленых сонцам вулачак і пляцаў Веракруса. Сюжэты маюць уласцівасць паўтарацца, але ў маёй гісторыі не будзе ні цяжкіх чорных грыфаў, ні тугога партманета, ні ветлівай кастыльскай формулы адмаўлення «Dіsреnsе Ustеd роr Dіоs»*, а Маэм узгадаецца толькі таму, што працягнутая рука жабрачкі з полацкага Спасаўскага манастыра будзе дакладнай копіяй намаляванай ангельскім калегам кіпцястай птушынай лапы, у якую ператварылася рука няздзейсненага пісьменніка.
Бываючы ў Полацку, я звычайна наведваюся сюды, каб пераканаць сябе, што хоць нешта ў гэтым свеце мяняецца на лепшае, бо цяпер у манастырскім Крыжаўзвіжанскім саборы пахне ладанам, а ў часы майго дзяцінства навакольныя жыхары, парабіўшы перабойкі, трымалі ў занядбаным храме свінняў. Праўда, аргумент гэты не бездакорны, таму што тады на ўтравелых прыступках не дзяжурылі дзесяткі два жабракоў з пакладзенымі ля ног падранымі шапкамі ці расплюшчанымі скрынкамі з-пад абутку.
Кіпцястая лапа належала жабрачцы гадоў на шэсцьдзесят, апранутай, нягледзячы на ліпеньскую спякоту, у страшэнна брудны восеньскі палітон, які даўно ўжо забыўся, што такое гузікі. У яе былі нямытыя, напэўна, ужо колькі месяцаў валасы загадкавага колеру і гэткага ж колеру вочы, якія таксама хацелася назваць нямытымі.
Мне цяжка падаваць жабракам каля храмаў. У падземных пераходах - зусім іншае: можа, з тае прычыны, што вулічныя жабракі спадзяюцца адно на тваю шчодрасць, не шантажуючы цябе абавязкам перад Усявышнім. З такімі не надта дабрачыннымі думкамі я падняўся па ўсходах у пустэльную свежасць сабора, але каля шапіка са свечкамі нешта змусіла мяне азірнуцца на жабракоў.
Калісьці я ўжо бачыў дзве такія малінавыя плямы на шыі...
Калісьці я ведаў, да чаго яны падобныя...
Падлога гайданулася ў мяне пад нагамі.
Калісьці я... цалаваў іх...
Некалькі імгненняў памяць дзейнічала, як відэамагнітафон, што перакручвае назад патрэбную касету, а потым я ўбачыў Дзвіну, у якую разам з Сафійкай глядзелася яшчэ незруйнаванае барока сабора святога Стэфана.
У тыя гады Дзвіну нельга было ўявіць без задзвінскай вар'яткі Юлькі, што ўлетку, «каб наша рэчачка не высахла», вёдрамі цягала на бераг ваду з калонкі. Знямогшыся, яна сядала на траву і, баязліва паглядаючы на рыбакоў, зацягвала сваю ўлюбёную песню пра Лілю.
выводзіла Юлька тонкім дзяціным галаском, які, відаць, толькі і мог існаваць у яе выпетраным целе. Далей песня рабілася журботнай:
Ніхто з нас тады не ведаў, што Юлька звар'яцела яшчэ перад вайною - пасля допытаў у колішнім кляштары бернардзінаў, дзе, не вытрываўшы, падпісала штосьці страшнае пра каханага хлопца, якога «варанок» павёз у невараць у тую самую ноч, калі Юльку адпусцілі дадому. У нашым дзяцінстве дарослыя былі не надта ахвочыя да такіх успамінаў, хоць Юльку шкадавалі і не давалі ёй памерці з голаду.