Читать «Рэквіем для бензапілы» онлайн - страница 5
Уладзімір Арлоў
Далей падзеі разгортваліся надзвычай імкліва. Не паспеў Кулон кагосьці выклікаць, як Шадурка падняла руку. «Што ты хочаш, Аня?» - запытаўся фізік, абсалютна, як і мы, упэўнены, што Аня можа хацець чаго заўгодна, але толькі не ісці да дошкі. «Юліян Людзвігавіч, я малекулы бачу», - усхвалявана абвясціла Аня. Па кабінеце прашамацеў смех, які змяніўся насцярожаным маўчаннем. «Сядай, Шадурка, гэта не смешна», - сказаў Кулон, і ягоная рука з асадкай папаўзла па журнальным спісе.
Аня села, але адразу зноў падняла руку, прычым, быццам першакласніца, якой карціць атрымаць пяцёрку за вывучаны вершык, цягнула яе ўсе вышэй і вышэй. Кулон падняў вочы. «Што яшчэ, Шадурка?» «Юліян Людзвігавіч, я ўжо атамы бачу, - захлынаючыся ад радасці, загаварыла Аня. - Чэснае камсамольскае. Вось, вось, лётаюць...» Яна выбегла з-за стала ў праход і паказвала пальцам у паветра.
«Нармалёва», - прысвіснуў нехта з «камчаткі». Кулон асцярожна ўзяў Аню пад руку і вывеў з класа.
Аню лекавалі ўсю зіму і вясну: спачатку ў былым бернардзінскім кляштары, дзе перад вайною выбівалі прызнанне ў Юлькі, а ў пяцідзесятыя гады адчынілі абласную вар'ятню, потым - дзесьці ў Падмаскоўі.
У дзесятым класе наша парачка шкілетаў зноў убачыла Аню. Яна ніколі ні з кім не загаворвала. Яе не выклікалі адказваць і вызвалілі ад выпускных экзаменаў. Яна не ездзіла на зборы і чэмпіянаты і прыкметна пакруглела. Паміж сабой мы са шкадобаю называлі яе Малекулай. Мы даўно ведалі, што на апошніх у Аніным жыцці спаборніцтвах пасля п'янкі яе згвалцілі трэнеры. Трох ці чатырох пасля гэтага пасадзілі.
Калі Аня па-ранейшаму бачыла малекулы і атамы, дык вырашыла пра гэта маўчаць. Адзіны чалавек, каму яна магла даверыць сваю таямніцу, быў Мішка Яжэвіч, бо ён, як ні дзіўна, не кінуў з ёю сустракацца і часам чакаў яе пасля ўрокаў на лавачцы каля школьнага саду. Іх разам з памаранчавым намётам бачылі то на дзвінскім беразе за Сафійскім саборам, то ў чыгуначнай лесапасадцы, дзе за год да гэтага знайшлі выкінуты з маскоўскага цягніка поліэтыленавы мех з трупам нетутэйшай жанчыны. Старэйшыя хлопцы з нашага двара з зайздрасцю казалі, што Мішка ўладкаваўся, як кароль: трахае дурніцу і галава ні пра што не баліць.
Прыехаўшы праз год з Менска дадому, я ўбачыў Мішку Яжэвіча з маладой жонкаю і дзіцячай каляскай. Малекулы ў горадзе не было. Яе бацьку-макаронніка хацелі пасадзіць за крадзяжы, і ён прадаў дом і з'ехаў у Стаўрапаль. Разам з ім паехала і Аня, якая перад тым працавала прыбіральшчыцай у цырульні «Ландыш», што насупраць цяперашняга помніка Францішку Скарыну.
Гадоў праз дзесяць пасля тых падзеяў Мішка Яжэвіч заснаваў кааператыў, што вырабляў жаночыя паясы, і збудаваў сабе на ціхай заможнай вуліцы двухпавярховы катэдж. Яшчэ гадоў праз дзесяць мне расказалі, што аднойчы Мішка не вярнуўся ўвечары дахаты і раніцою міліцыя павезла ягоную жонку ў лес пад Лепель. Апазнаць Мішку ў выцягнутым са спаленага «фольксвагена» абгарэлым трупе ўдалося па верхняй сківіцы з залатымі зубамі.