Читать «Чайка па імені Джонатан Лівінгстан» онлайн - страница 6

Рычард Бах

Ён адзін атрымаў усё, чым, як ён калісьці спадзяваўся, будзе валодаць уся Чарада, і не шкадаваў той цаны, якую заплаціў за ўменне лятаць. Джонатан адкрыў сабе, чаму такое кароткае жыццё ў чаек, — прычынай таму нудота, страх і злосць; сам ён збавіўся ад гэтых пачуццяў, і жыццё яго было доўгае і сапраўды прыгожае.

І вось аднойчы вечарам, калі Джонатан спакойна і самотна лунаў у сваім любімым небе, з'явіліся яны. Дзве чайкі, што вынырнулі побач з яго крыламі, былі чыстыя, як святло зорак, а ззянне, якое праменілася ад іх, было лагоднае і сяброўскае ў свежасці вечаровага неба. Але сама дзівоснае было ў майстэрстве іхняга лёту: кончыкі іх крылаў увесь час знаходзіліся на адлегласці аднаго дзюйма ад яго крылаў.

Не кажучы ні слова, Джонатан наладзіў ім экзамен, якога не ведала яшчэ ніводная чайка. Ён выгнуў крылы і зменшыў хуткасць да мілі ў гадзіну. Дзве зіхоткія птушкі запаволілі палёт разам з ім, і дыстанцыя паміж імі ані не парушылася. Лятаць павольна яны ўмелі.

Ён склаў крылы, гайдануўся і кінуўся ў піке з хуткасцю сто дзевяноста міляў у гадзіну. Бездакорна захоўваючы шыхт, яны таксама рынуліся ўніз.

Тады на ўсёй хуткасці ён скіраваў угору, робячы доўгую вертыкальную запаволеную бочку. З усмешкай яны зрабілі тое самае.

Ён перайшоў на гарызантальны палёт і, перш чым загаварыць, нейкі час ляцеў моўчкі.

— Ну добра, — сказаў ён. І спытаўся: — Хто вы такія?

— Мы з твае Чарады, Джонатан. Мы твае браты. — Словы іх гучалі стрымана, але ўпэўнена. — Мы прыйшлі, каб паклікаць цябе на новую вышыню, туды, дзе твой дом.

— У мяне няма дому. У мяне няма Чарады. Я — Выгнаннік. Цяпер мы ляцім каля вяршыні Гары Вялікага Ветру, і вышэй, чым на некалькі соцень футаў, мне, старому, ужо не падняцца.

— Гэта няпраўда, Джонатан, бо ты ўжо вучыўся. Адна школа скончана, настаў час пачынаць другую.

Святло розуму, якое ўсё жыццё свяціла Джонатану, азарыла яму гэтае імгненне. Ён зразумеў: яны кажуць праўду. Ён можа ўзляцець яшчэ вышэй, і яму сапраўды пара выпраўляцца дадому.

У апошні раз ён акінуў доўгім позіркам гэтае неба, гэтую вялізную серабрыстую зямлю, дзе ён гэтак шмат чаго даведаўся.

— Я гатовы, — сказаў ён урэшце.

І Джонатан Лівінгстан узняўся разам з дзвюма зіхатлівымі, нібы зоркі, чайкамі і знік у непраглядна цёмным небе.

ЧАСТКА ДРУГАЯ

«Дык, значыцца, гэта і ёсць неба», — падумаў ён і ўсміхнуўся сам сабе. Мабыць, гэта не вельмі пачціва — разважаць, якое яно, неба, не паспеўшы яшчэ пабыць на ім.