Читать «Чайка па імені Джонатан Лівінгстан» онлайн - страница 14

Рычард Бах

— Пачнём з таго, — сказаў ён з ухмылкай, — што ўсе вы крышку прыпазніліся на агульны збор...

Нібы гром з яснага неба ляснуў у Чараду. Гэтыя птушкі — Выгнаннікі! І яны — вярнуліся! Але ж гэтага не можа быць. Чарада так разгубілася, што апаска Флетчара наконт бойкі знікла сама па сабе.

— Падумаеш, Выгнанцы, ну і хай сабе, — сказала нейкая маладзейшая чайка, — але дзе і як, ліха на іх, яны навучыліся гэтак лятаць?

Мінула амаль гадзіна, перш чым усе ў Чарадзе даведаліся пра Загад Старэйшыны: «Не звяртаць на іх увагі. Чайка, якая загаворыць з Выгнаннікам, сама становіцца Выгнанніцай. Чайка, якая паглядзіць на Выгнанніка, парушыць Закон Чарады».

З гэтай хвіліны Джонатан мог бачыць толькі шэрыя спіны, але ён, здавалася, і не заўважыў перамены. Ён праводзіў заняткі тут жа над Берагам Рады і ўпершыню пачаў прымушаць сваіх вучняў працаваць амаль на мяжы іх магчымасцей.

— Мартын-Чайка! — чуўся ў небе яго голас. — Ты кажаш, што ўмееш лятаць на малой хуткасці. Гаварыць можна абы-што. Пакуль ты не дакажаш — ты нічога не ўмееш. ЛЯЦІ!

І маленькі, ціхі Мартын-Уільям ад страху, што трапіў настаўніку пад гарачую руку, сам сабе надзіва, пачаў тварыць сапраўдныя цуды ў палётах на малых хуткасцях. Ён навучыўся так выгінаць пер'е, што пры сама лёгкіх павевах ветрыку, ні разу не махнуўшы крыламі, падымаўся ажно пад воблакі і вяртаўся назад на зямлю.

А Чарльз-Роланд даляцеў да Гары Вялікага Ветру і ўзняўся на дваццаць чатыры тысячы футаў; вярнуўся ён пасінелы ад холаду, узрушаны і шчаслівы, з цвёрдым намерам падняцца заўтра яшчэ вышэй.

Флетчар, а ён, як ніхто, палюбіў фігуры найвышэйшага пілатажу, адолеў шаснаццацівітковую вертыкальную запаволеную бочку, а ўжо на другі дзень завяршыў яе трайным пераваротам цераз крыло. Яго белае пер'е так і ззяла на сонцы, калі ён праносіўся над берагам, адкуль за ім крадком сачыла не адна пара вачэй.

Джонатан увесь час не разлучаўся са сваімі вучнямі: паказваў, падказваў, прымушаў, павучаў. Усе разам яны ляталі з любові да палётаў і ўночы, і ў непагадзь, і ў шторм, тады як астатнія чайкі з Чарады тужліва туліліся адна да адной на зямлі.

Пасля палётаў вучні адпачывалі на пяску і з яшчэ большай увагай слухалі Джонатана. Не ўсе яго шалёныя ідэі ўспрымаліся імі, але шмат якія зусім ясныя думкі былі ім зразумелыя.

З цягам часу вакол гурту вучняў паступова ўночы ўтваралася яшчэ адно кола: цікаўныя чайкі з Чарады гадзінамі слухалі Джонатана, але паколькі кожная з іх не хацела бачыць суседзяў і сама баялася, што суседзі ўбачаць яе, перад світаннем усе яны знікалі.

Мінуў месяц, перш чым першая чайка з Чарады пераступіла мяжу і папрасіла навучыць яе лятаць. Просьба гэтая наклікала праклён на чайку па імені Тэранс Лоўэл, паставіла на яго кляймо Выгнанца і... зрабіла яго восьмым вучнем Джонатана.

У наступную ноч з Чарады прыкульгаў, валакучы па пяску левае крыло, Кірк Мэйнард і паваліўся каля ног Джонатана.

— Дапамажы мне, — папрасіў ён ціха, быццам вось-вось канае. — Больш за ўсё на свеце я хачу лятаць...