Читать «Чайка па імені Джонатан Лівінгстан» онлайн - страница 11
Рычард Бах
Саліван, які ўжо ўмеў лятаць з хуткасцю думкі і дапамагаў авалодаць гэтым уменнем іншым чайкам, сумняваўся.
— Ты ж быў калісьці Выгнаннікам, — гаварыў ён Джонатану. — Чаму ты думаеш, што якая-небудзь чайка з твайго мінулага будзе цяпер цябе слухаць? Ты ведаеш справядлівую прыказку:
Ён памаўчаў з хвіліну і дадаў:
— Што было б, калі б Чыанг вярнуўся ў свой стары свет? Дзе б ты сам знаходзіўся цяпер?
Апошні довад быў сама пераканаўчы. Саліван праўду казаў.
Джонатан застаўся вучыць навічкоў. Кожная новая птушка вызначалася вельмі добрымі здольнасцямі і хутка засвойвала ўрокі. Але ранейшы неспакой вярнуўся да яго, і ён не мог збавіцца ад думкі, што дзесьці на Зямлі абавязкова ёсць адна-дзве чайкі, якія таксама здольныя вучыцца. Наколькі больш ведаў бы ён цяпер, калі б Чыанг з'явіўся да яго ў той дзень, як ён стаў Выгнаннікам!
— Салі, я павінен вярнуцца, — сказаў ён урэшце. — У цябе цудоўныя вучні. Яны паспяхова займаюцца і дапамогуць табе давесці навічкоў да патрэбнага ўзроўню.
Саліван уздыхнуў, але больш не пярэчыў.
— Мусіць, я вельмі буду сумаваць па табе, Джонатан.
Вось і ўсё, што ён сказаў.
— Салі, як табе не сорамна! — з дакорам усклікнуў Джонатан. — Не гавары глупства! І чым мы з табою дзень пры дні займаемся? Якія здольнасці развіваем? Калі наша дружба трымаецца на такіх рэчах, як прастора і час, значыцца, мы самі разбураем наша брацтва, як толькі пераадольваем іх! Але з пераадоленнем прасторы адзінае, што мы пакідаем, — гэтае Тут. А з пераадоленнем часу мы пакідаем толькі Цяпер. Няўжо ты думаеш, што мы не здолеем час ад часу сустракацца ўнутры гэтых Тут і Цяпер?
Саліван міжвольна засмяяўся.
— Ты зусім звар'яцеў, — ласкава сказаў ён. — Калі хто-небудзь і здольны паказаць таму, хто сядзіць, што робіцца за тысячу міль навокал, дык гэта Джонатан Лівінгстан. — Ён паглядзеў на пясок. — Да пабачэння, дружа мой Джон.
— Да пабачэння, Салі. Мы яшчэ сустрэнемся.
З гэтымі словамі Джонатан уявіў сабе вялізную чараду чаек на беразе, якая жыве ў іншым часе, і са звыклай лёгкасцю адчуў: не, ён не пер'е і косці, ён — дасканалае, абсалютнае ўвасабленне ідэі волі і палёту, яго магчымасці бязмежныя.
Флетчар Лінд быў яшчэ вельмі малады, але ўжо ведаў, што ні з адной чайкай на свеце не абыходзіліся гэтак жорстка і несправядліва, як абышліся з ім у Чарадзе.
«Пляваць я хацеў, што яны там гавораць! — са злосцю, ад якой ажно туман засціў вочы, думаў ён. — Лятаць — гэта не проста махаць крыламі, гэта куды больш.