Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4» онлайн - страница 7

Васіль Быкаў

Але цяпер гінуць было ўжо нельга. Перад ім ляжаў непрытомны, але яшчэ жывы яго таварыш і супольнік па барацьбе, ён спадзяваўся толькі на яго, а з другога боку хлопца ляжаў асірацелы, прабіты і прастрэлены сцяг. Бездапаможныя і дарагія салдату, абодва яны чакалі ад яго паратунку.

Пабедаваўшы крыху і пастагнаўшы ад нясцерпнага душэўнага болю, Пятрусь надзеў мокры бот і вырашыў падавацца далей ад гэтага страшнага месца. Хлопец падставіў таварышу сваю аслабелую спіну і, узяўшы яго за моцныя шырокія кісці, усцягнуў на сябе. Потым ён падняў сцяг і, адной рукой абапіраючыся на яго дрэўка, зрабіў некалькі крокаў.

Цяжкі і пакутлівы быў гэты шлях цераз луг. Ніколі хлопец не думаў, што гэткі цяжкі бывае чалавек. Часам Петрусю здавалася, што ён памірае сам, і хлопец услухоўваўся ў свае адчуванні, чакаў гэтага надыходу смерці, не ў стане ўжо супраціўляцца ёй. Але праз колькі часу сіл трошкі прыбывала, і ён зноў прымушаў сябе зрабіць некалькі крокаў.

У прыцемках ён дасягнуў узлеску на другім баку лугавіны.

Ён ужо не мог упаўзці ў лес і бокам, губляючы прытомнасць, упаў на калючы кошаны дол; за спіной так і засталося абмяклае і такое цяжкае цела Наскова.

Калі ён ачуняў, ужо было цёмна. Над лугам высыпалі рэдкія зоры, яны ціха мільгалі ў светлым небе, а нізка над зямлёю вісеў на небасхіле нізенькі акрайчык месяца. Ён не свяціў, а толькі пазіраў у ноч сваім бліскучым прыплюшчаным вокам.

Пятрусь адразу схапіўся за таварыша, але той не варухнуўся. Нейкі час хлопец тармашыў старшыну, гладзіў і цалаваў яго твар і, адчуваючы, што вар’яцее ад гора, упрошваў таго не пакідаць яго, адчыніць свае вочы, пазнаць таварыша, апошняга байца з загінуўшага палка. Пятрусь заплакаў — цяжка, балюча, сутаргі сціскалі яго горла, і цяклі з вачэй пякучыя салёныя слёзы. Але Наскоў ужо назаўсёды знямеў і аглух да ягоных просьб і ягоных слёз.

I тады хлопцам апанавала нейкае бяссільнае забыццё. Ён доўга сядзеў уначы над нябожчыкам і не думаў нічога, толькі глядзеў у цемру і моцна сціскаў сківіцы…

Калі крыху адлегла ад душы бяссільная скруха, Пятрусь адпоўз на ўзлесак і пачаў рыхтаваць магілу. Спачатку ён капаў яе пальцамі, потым нейкай сукавінай, што трапіла ў ягоныя рукі. На пальцах ад такой працы ламаліся пазногці, было вельмі балюча і ішла кроў. Але хлопец ужо не зважаў на пакуты, ён толькі спяшаўся, каб да світання пахаваць чалавека.

Пад ранак магіла была гатова. Яна атрымалася зусім неглыбокай і кароткай для доўгага цела Наскова, трэба было капаць яшчэ, але ўсход запаліў ужо за краявідам сваё святло, і неба пачало гасіць зоры. Маладзік пад ранак схаваўся за лесам, так і не ўзлезшы на неба.