Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4» онлайн - страница 6

Васіль Быкаў

I тут ён успомніў усё — і двухдзённы бой, і разгром іхняга палка, і смерць камандзіра там, на ўзгорку, і безліч забітых байцоў наўкола. Нечаканы спалох ахапіў Петруся, калі ён прыпамятаў апошні загад камандзіра ратаваць сцяг.

Страшэнныя ўспаміны з маланкавай хуткасцю пранесліся ў галаве. Трэба было бегчы, шукаць сваіх і клікаць дапамогу. Але куды бегчы і каго клікаць? Дзе былі нашы войскі і дзе цяпер іх сцяг, падхоплены Насковым? Хлопец памятаў, што дзесьці за сядзібай вёў бой адрэзаны ад іх трэці батальён, аднак дзе ён цяпер, уцалелы, ці мо таксама разбіты — было невядома. Але чаму так ціха, чаму ніводзін гук, ніводзін шолах не парушаць гэтай знямелай усеабдымнай цішыні?

Петруся раптам апанаваў жах. Угары сінела зрэдку аздобленае воблачкамі неба, наўкола раскінуўся вялікі прастор, бачна было, як за ўзгоркам валіў угору далёкі дым — і чамусьці ніводнага гуку.

Хлопец пацёр вушы і не пачуў звычайнага шолаху. Тады ён крыкнуў і бадай зусім не пачуў уласнага голасу. «Аглух?» Так, ён аглух, і навакольны свет адгарадзіўся цяпер ад яго нябачнай сцяною.

Так-сяк дабраўшыся да кустоў, дзе паволі цякла ручаіна, Пятрусь упаў грудзьмі на дзірваністы бераг і, чапляючыся за траву дрыжачымі пальцамі, праз аір прасунуў свой твар. Ён піў прагна і доўга, вялікімі глыткамі цеплаватую, з пахам травяных карэнняў ваду.

I раптам ён увесь скалануўся. Зусім побач пад лазовым кустом страшна ўскінулася з травы нейчая рука з растапыранымі скручанымі пальцамі. Пятрусь прытаіўся, пачакаў яшчэ з хвіліну, а потым, ахоплены жудасным прадчуваннем, ускочыў з зямлі з тым спрытам, на які толькі хапіла сілы.

Жахлівае прадчуванне не ашукала яго. Пад кустом лазняку ў пакутлівай позе канаючага чалавека ляжаў Наскоў. Адна рука яго, скручаная ў локці, прыўзнялася ўгору, а другая туліла да грудзей абы-як згорнуты на дрэўку іх агністы палкавы сцяг.

Пятрусь нахіліўся над старшыной. I на яго твары уздрыгнулі і скрывавіліся вусны. Хлопец адчуў цяпер, што ўжо няма ніякай надзеі на чыё-небудзь выратаванне, што ён — адзіны ўцалелы баец іхняга палка, і на яго, кантужанага і глухога, кладзецца цяпер новы клопат. Пятрусь з роспаччу ўгледзеўся ў аброслы шчаціннем немалады ўжо, змардаваны твар старшыны. Ніводнай прыкметы жыцця не было ў ім, але ж ён толькі што варухнуўся, гэты ўпарты і энергічны пры жыцці чалавек. I сержант, гонячы ад сябе благую думку, ціхенька паклікаў:

— Наскоў… Таварыш старшына… Што ж гэта ты? Га?

У яго не было ні пілоткі, ні якой пасудзіны, ён сцягнуў з нагі бот і апусціў яго ў ручай. Калі бот напоўніўся, хлопец пачаў абліваць твар Наскова, грудзі, прыўзняў галаву параненага і, як мог асцярожна, уліў вады ў ягоны рот. Баец, здаецца, уздыхнуў, павекі яго ледзь прыкметна варухнуліся — Пятрусь не зводзіў вачэй з яго твару. «Родненькі, даражэнькі Наскоў, ачніся ж… ну», — нязмоўчна шапталі яго вусны, толькі хлопец не чуў свайго шэпту — той блытаўся цяпер з яго ўзрушанымі думкамі. Але старшына не ачынаўся. Тады хлопец зняў з яго рэмень з рыдлёўкай, зняў процівагаз, загарнуў вільготную ад крыві і поту кашулю — у левым баку чырванела скразная кулявая рана. Кроў не ішла ўжо, перавязваць не было патрэбы, і, не ведаючы, што рабіць далей, хлопец у адчаі апусціў рукі. Ён сядзеў побач з паўмёртвым чалавекам, і дзікая, невыказная роспач усё болей апаноўвала яго. Перажытыя няшчасці і гэтая апошняя бяда так уразілі і прыдушылі хлопца, што ён думаў ужо, ці не лепей было б загінуць з усімі.