Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4» онлайн - страница 2
Васіль Быкаў
Пятрусь перазарадзіў кулямёт і зноў прыпаў да прыцэла. У невысокай, па пояс, збажыне ён добра бачыў прыгнутыя постаці ворагаў з аўтаматамі і падкасанымі да локця рукавамі. Яны прыгіналіся, зялёныя іх каскі матава блішчэлі. Немцы на хаду страчылі з аўтаматаў, але аглушаны сваім кулямётам Пятрусь не чуў іх стрэлаў. Трымаючы мушку пад іхнімі постацямі, ён да болю ў пальцы ціснуў на спуск, кулямёт ірваўся ў руках, нібы жывая імклівая істота, горкі парахавы смурод і пыл абдавалі хлопца.
Зводдаль, ля дарогі, густа і напорыста трашчаў «максім». Яго чэргі часам зусім прападалі ў грукаце бою, і хлопец устрывожана пазіраў туды. Там — камандзір палка, ён зараз камандаваў імі, яго прысутнасць супакойвала і давала надзею.
Урэшце ворагі пачалі знікаць у жыце, — відаць, яны не вытрымалі адпору і ў гэты раз. Патроху кулямётны агонь па сядзібе таксама пацішэў, але здалёку аднекуль з’явіўся новы трывожны гук. Ён хутка напоўніў сабой спахмурнелы летні прастор, прыглушыў усе іншыя гукі і ўсё ўзмацняўся. Сержант боязна зірнуў у захмаранае, дымнае неба — там плылі самалёты.
«Чые?» — мільганула пакутлівая думка. I ў той жа момант пярэдні самалёт вельмі хутка неяк дзеўбануў носам і шалёна панёсся на іх прыціхлы раўчук. У паветры засвістала, загрукатала…
Страшэнныя выбухі скаланулі наваколле, зямля стагнала, кідалася ў нямой роспачы, дрыжэла, у паветры круціліся шалёныя віхуры. Здавалася, што зямля перамяшалася з паветрам і ўсё на свеце рынула ў нябыт.
Невядома, колькі працягвалася гэтая жудасць. Але нарэшце грукат прыціх, і Пятрусь расплюшчыў вочы. «Жывы?» — са здзіўленнем падумаў ён, яшчэ не верачы, што жах гэты скончыўся. Сержант паглядзеў у той бок, дзе страляў «максім» і дзе быў камандзір, быццам шукаючы паратунку. Самалёты тым часам набліжаліся зноў, і тады, у гэтую кароткую паўзу спакою, пачуўся надрыўны голас камандзіра палка:
— Таварышы, уперад! У атаку, ура-а-а-а-а!!
Пятрусь зноў зірнуў туды, на масток, і нібы раптоўная хваля падхапіла яго. Узняты камандзіравай рукой, там трапяткім полымем ірвануўся на ветры іх палкавы сцяг. Камандзір узмахнуў ім, азірнуўся і выскачыў з раўчука. Ля яго ўмомант з’явіліся яшчэ людзі, і ўсе яны шуганулі ў збажыну — наперад, на ворага. Апусцелы дагэтуль раўчук зашавяліўся постацямі байцоў, недалёка ад хлопца мільганула ў жыце шырокая спіна старшыны Наскова. Ён быў з суседняй роты іхняга батальёна, і Пятрусь узрадаваўся, убачыўшы знаёмага чалавека. Наскоў хутка знік у збажыне, і нейкая нязведаная, зацятая сіла падхапіла і сержанта. Схапіўшы лейтэнантаву вінтоўку, ён пераскочыў нізенькі бруствер і рынуўся за ўсімі насустрач ворагу.
А ззаду зноў грукацела, грымела, вішчэла, калацілася зямля і хісталася неба. На галовы байцоў няспынным дажджом сыпалася зямля, паднябессе выла і стагнала. Злева і справа беглі байцы, праўда, вельмі рэдкі і вельмі кароценькі быў іх ланцужок, але ўдар быў імклівы. Пятрусь бег, стараючыся трымацца поруч камандзіра са сцягам. У яго цяпер неяк паспакайнела на душы, нібы ўжо мінулі ўсе небяспекі. Блізасць камандзіра і сцяга, здавалася хлопцу, хавалі яго ад бяды, і ён хацеў толькі спаткаць ворага, каб даць, нарэшце, выйсце сваёй сіле. Але сустрэцца з фашыстамі ім не ўдалося, аўтаматчыкі не вытрымалі нечаканага напору, і сержант разоў некалькі бачыў здалёку, як мільганулі ў жыце іх прыгнутыя спіны.