Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 4
Васіль Быкаў
Ну вось і прыехаў. Машына, злосна стрэльнуўшы дымным смуродам з выхлапной трубы, пакаціла сабе далей, а я, нязручна выпростваючы замлелыя ногі, крыху прайшоў па ўзбочыне. Знаёмае, не раз бачанае з акна аўтобуса гэтае раздарожжа сустрэла мяне сцішана і журботна. Ля мастка над канавай тырчэў слупок са знакам аўтобуснага прыпынку, далей быў знаёмы абеліск з пяццю юнацкімі імёнамі на чорнай металічнай плітцы. Праз сотню крокаў ад шашы абапал дарогі да школы пачыналася старая вузкаватая ўжо алея з таўшчэзных пахілых вязаў. У дальнім канцы яе на школьным падворку чакаў некага «газік» і чорная, мабыць, райкомаўская, «Волга», але людзей там не было. Пэўна, людзі цяпер былі ў іншым месцы, падумаў я. Але я нават не ведаў, дзе тут былі могілкі, каб ісці туды. Калі яшчэ мела які сэнс туды ісці.
Так не надта рашуча і даволі заклапочана разважаючы сам з сабою, я ўвайшоў у алею над мнагаярусныя шаты дрэў. Калісь, гадоў пяць таму, я тут ужо быў, але тады дом гэты і алея не здаліся мне такімі падкрэслена і зацята маўклівымі — школьны падворак гаманіў галасамі дзятвы, якраз быў перапынак. Цяпер наўкола ляжала нядобрая, хаўтурная ціш — нават не шапацела, стаілася ў перадвячэрнім спакоі парадзелая, з жаўцізною лістота старэчых камлістых вязаў. Жвіровая ўезджаная дарожка неўзабаве вывела на падворак школы — наперадзе высіўся пышны, у два паверхі, але ўжо пастарэлы і запушчаны, з трэснутай па фасадзе сцяною старасвецкі палац: фігурная балюстрада веранды, пабеленыя калоны абапал параднага ўвахода, высокія венецыянскія вокны. Мне трэба было запытаць у кагось, дзе хаваюць Міклашэвіча, але запытаць не было ў каго — ля машын і ў машынах таксама не было нікога відаць. Не ведаючы, куды падацца, я разгублена патаптаўся поруч і ўжо хацеў ісці куды далей, як з той жа параднай алеі, ледзьве не наехаўшы на мяне, выскачыў яшчэ адзін запылены «газік». Ён тут жа затармазіў, і з яго брызентавага нутра вываліўся знаёмы чалавек у скамечанай «балонні». Гэта быў колішні заатэхнік з упраўлення сельскай гаспадаркі (цяпер, я чуў, ён рабіў недзе ў раёне). Гадоў пяць мы з ім не бачыліся, ды і наогул знаёмства наша было даволі шапачнае, але цяпер я нечакана ўзрадваўся яго з’яўленню.
— Здароў! — кінуў мой знаёмец з такім ажыўленнем, нібы мы прыехалі сюды на вяселле, а не на пахаванне. — Таксама, да?
— Таксама, — стрымана, без ценю ягонага ажыўлення адказаў я.
— Яны там, у настаўніцкім доме, — адразу прыняў мой стрыманы тон прыезджы. — А ну давай, падмагні.
Ухапіўшы за край, ён вывалак з машыны зіхоткую скрынку бутэлек з «Маскоўскай», за якой, мабыць, і ездзіў у сельпо ці ў горад. Я рупна падхапіў яе за другі бок, і мы, мінаючы школу, пайшлі па сцежцы між садовых зараснікаў у бок недалёкага флігеля — дамоўкі настаўнікаў.
— Як жа гэта з ім здарылася? — запытаў я, усё яшчэ не могучы звыкнуцца з думкай аб гэтае заўчаснай смерці.
— Ат, як! Як усё здараецца. Трах бах — і гатова. Быў чалавек — і няма.