Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 3
Васіль Быкаў
— Чуў пра вас і даўно хацеў звярнуцца а адной заблытанай справай, — сказаў тады Міклашэвіч сваім глухім голасам. Ён курыў, абтрасаючы попел у пусты карабок ад запалак, які трымаў у пальцах. I я ажно. жахнуўся, убачыўшы гэтыя яго нервова-дрыготкія пальцы, абцягнутыя жоўтай зморшчанай скурай. З кепскім прадчуваннем я паспяшаўся перавесці позірк на твар — змарнелы твар яго, аднак, быў на дзіва спакойны.
— Друк — вялікая сіла, — жартаўліва і са значэннем працытаваў ён. На яго лбе, шчоках, ля вуснаў, збегліся заўчасныя маршчыны, і праз іх праглянула добрая, з пакутлівым сумам усмешка.
Я ведаў, што ён нешта шукае ў гісторыі партызанскай вайны на Гродзеншчыне, што сам яшчэ падлеткам-хлапчуком прыняў удзел у партызанскіх справах, што ягоныя сябры-пшольнікі былі расстраляны немцамі ў сорак другім, і клопатамі Міклашэвіча пасля іх памяці збудаваны невялікі абеліск у Сяльцы. Але вось, аказваецца, была ў яго і яшчэ нейкая справа, па якой з’явілася пэўная патрэба ўва мне. Што ж, я быў гатовы. Я абяцаў прыехаць, пагаварыць і па магчымасці разабрацца, тым болей калі справа сапраўды заблытаная — у той час да заблытаных спраў я яшчэ быў аматар.
I вось — спазніўся.
У невялікім прыдарожным барку з высока ўзнёслымі над дарогаю шапкамі хвой шаша пачала шырокае плаўнае закругленне, за якім паказалася ўрэшце і Сяльцо. Гэта быў колішні панскі маёнтак з разбуялымі за гады сукаватымі кронамі вязаў і ліп, што хавалі ў сваіх нетрах старасвецкі панскі палац — школу. Машына нетаропка набліжалася да павароту ў маёнтак, і гэтае набліжэнне новаю хваляй узрушэння ахапіла мяне — я прыязджаў. На момант з’явілася здрадніцкая думка: навошта? Навошта я еду сюды, на гэтую жалобу, трэба было прыехаць раней, а цяпер каму я патрэбны тут ды і хто тут можа спатрэбіцца мне? Але, мабыць, разважаць такім чынам не мела ўжо сэнсу, машына наша пачала замаруджваць хаду. Я гукнуў хлопцу-спадарожніку, які, мяркуючы па яго спакойным выглядзе, ехаў далей, пастукаць шафёру, а сам па шархоткіх рулонах толю пасунуўся да борта, каб скочыць на жвір абочыны.