Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2» онлайн - страница 2
Васіль Быкаў
Было не сцюдзёна, трохі зябкавата нагам у воглай траве і ветрана. Неба спрэс усцілалі хмары, сонца не паказвалася ад рання. Зрэшты, цяпер з яго не шмат і карысці, таго восеньскага сонца, хіба было б весялей, калі б яно на якую гадзіну выбавілася з-за хмар. А так шэрае непрытульнае поле захлыналася ў ветраным шолаху быльнягу ды ўкарэлага каліўя бульбоўніку на шырокай пагоркавай ніве; міжвольна карцела адвярнуцца ад ветру, тужэй захінуць полы ватоўкі і не кратацца. Поруч, на гасцінцы, як і заўжды апошнія тыдні, было ціха, пустэльна, цяпер тут амаль не ездзіў ніхто і не хадзіў. Калі часам і трапляўся які хадок, дык болей уранку, — якая-небудзь кабеціна з суседняй вёскі па невялікай патрэбе ў мястэчка. Гэтая ціша на гасцінцы спярша аж бянтэжыла Сцепаніду, асабліва пасля таго, як тут гуло, раўло і стагнала ад машын, падводаў, гармат, а таксама безлічы войска, што валам валіла адтуль, ад граніцы, на ўсход. Здавалася, вялікаму таму гармідару не будзе канца, а з ім не скончыцца і турботны неспакой на хутары. Ведама ж, прыдарожная сядзіба — усім пад рукой і навідавоку. Сцепаніда з Петраком збіліся з ног, спатыкаючыся і пасабляючы, чым было можна, усім, што заязджалі, забягалі, спыняліся, каб напіцца, перадыхнуць у спякоту пад ліпамі, а то пераабуцца ці папытаць дарогу. Толькі неяк пад вечар на гасцінцы стала вальней, рух парадзеў, гатовы зусім прыпыніцца, чырвонаармейцы пачалі паварочваць у поле абапал дарогі і разышліся ўпоперак па бульбоўніку. Два камандзіры, што конна завіталі на хутар, нешта доўга разглядалі на карце, а іхні баец-канавод папытаўся ў яе вядра, каб напаіць коней, і, аддаючы, сказаў, што тут будзе бой, заставацца на хутары нельга. Дужа напалохаўшыся тады, Сцепаніда забратала Бабоўку і падалася расцяробамі ў Баранні Лог. На сядзібе ўсё ж застаўся Пятрок — сядзібу нягожа было пакідаць без нагляду. Трываючы вялікі страх, Сцепаніда пераседзела ў бярэзніку ноч і палову наступнага дня, але бою не было чуваць, только паўднём угары паявіліся самалёты і здрыганулася зямля, дзесьці забахала, засакатала і ў небе за логам паўстаў шэры слуп дыму, нешта там загарэлася. Спакваля, ачуняўшы ад першага страху, яна сцяміла, што гэта далёка, усё на тым жа гасцінцы ці, можа, нават далей, у мястэчку. Адвячоркам усё тое прыціхла, нібы і не пачыналася, яна трохі счакала яшчэ, а пасля боязна павалаклася з каровай да хутара, не ведаючы нават, ці ўбачыць што ад свайго жытла, ды і Петрака таксама. Але хутар, як заўжды, ціха стаяў сабе наводдалек ад дарогі пад старымі ліпамі, а на падворку, вылезшы з пограба, тупаў з саломай у барадзе яе Петрачок. Знаёмы дымок ад яго самакруткі струменіў цераз паркан па ветры.
Той ноччу чырвонаармейцы пакінулі на бульбяным пагорку недакапаную крывуляку-траншэю і некуды сышлі стараной, на гасцінцы ўсё апусцела, заглухла, рэдкія вайсковыя фурманкі і некалькі машын уранку паварочвалі назад, у аб’езд на Кульбакі: за сасоннічкам самалёты разбамбілі масток цераз дрыгвяністую Дзеравянку і праехаць гасцінцам у мястэчка было ўжо неяк.