Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2» онлайн - страница 5
Васіль Быкаў
Пастушок між тым азірнуў з дарогі свой невялічкі статак, ляснуў у паветры пугай і, падышоўшы бліжэй, моўчкі сеў на ўскрайку дарогі. Яго парэпаныя, абсаджаныя болькамі ногі ледзьве не да калень вылезлі з палапленых портак, рукі ён зябка сашчапіў на грудзях і аблёгся грудзьмі на калені.
— Ы-ы, а-а! — сіліўся ён нешта сказаць. — А-э-э!
Хто ведае, што з’явілася ў гэтай яго нячэсанай галаве пад картовай, са зламаным казырком кепкай ці ў яго наіўна расшыраных светлых вачах — якія там мроіліся думкі-намеры? Сцепаніда яму часам падкідвала на якую гадзіну-другую Бабоўку, калі здаралася такая патрэба. Яначка быў рупны і заўжды безадмоўны хлопец, і яна, вяртаючыся да каровы, кожнага разу старалася прыхапіць яму які-небудзь гасцінец — аладку, скварку, жменю гароху ці хоць спялейшы яблык з сука.
— Сцюдзёна, Яначка? Што ж ты якую надзёўку не апрануў? — сказала яна, пазіраючы на яго ўгору.
— А-а, э-э! — нешта памкнуўся ён вымавіць і махнуў рукой.
— Такі вецер, прадзьме — і захварэеш, — паляпала яна сябе па грудзях. — Ідзі апранашку якую вазьмі.
Янка нібы зразумеў штось і ўскочыў з дарогі, клопатна азірнуўся на свой недалёкі статак з чатырох кароў.
— А-а-а! У-э-э-а!
— Ідзі, ідзі! — сказала яна. — Я пагляджу. Я пагляджу! — і паказала на ягоных кароў і сваю Бабоўку.
Дзіва, але ён зразумеў — лёгка, нібы пачуў. Збегшы з дарогі, завярнуў першую чорную карову і бегма прыпусціў гасцінцам да сасоннічку, ля якога была паваротка на Выселкі. Сабачка спярша борздзенька скіраваў за падлеткам, але, нібы зразумеў свой абавязак, вярнуўся і сеў на ўзбочыне, непадалёк ад Сцепаніды.
— Рудзька, сюды! — паклікала яна, ды Рудзька толькі стрыгнуў вушамі — ён ужо дбайна азіраў статак, які памалу варушыўся ў канаве і на адхоне. Гэта быў хітраваты псяюга, не глядзі, што малы, а калі не бачыць у руках кавалка, дык дарма да чалавека не пойдзе.
Янкавы каровы жвава тупалі па той бок гасцінца, і, каб не размінуцца з імі, яна таксама павярнула Бабоўку, узышла на гасцінец і памалу пайшла наперадзе. Нагам тут, на дробнай сухаватай траўцы, было зручней, не калола дуддзё, але вецер дзьмуў апантана, і яна хутка спынілася, адвярнуўшыся ад яго. У небе плыло-неслася рванае ашмоцце хмар, невядома, у якім месцы там хавалася сонца і ці хутка меўся настаць вечар. Але яна адчувала, што ўжо даўно павярнула з паўдня, праз якую гадзіну-другую абшар пацямнее, пачне змяркацца. Некалі ў дзённай гарачцы яна любіла і чакала той час, калі з палявой пільніцы можна вярнуцца на свой падворак, у хату, дзе клопату таксама не меней, але збіралася сям’я, і звыклыя хатнія турботы былі ў асалоду асабліва пасля дзённай гарачыні ці непагадзі, аднастайнай палявой работы. Цяпер жа ёй было ўсё роўна, не вабілі і вечаровыя клопаты ў хляве ці ля печы, сям’і, лічы, не было, заставаўся толькі Пятрок; адзін за адным адышлі на той свет старыя, трохі падросшы, адляцелі дзеці, неўпрыкмет мінулася ўсё добрае і благое, што з імі звязана. А двум старым ці шмат чаго трэба? Нечага перакусіць ды набок, укрыўшыся якім кажушком, — не хацелася і паліць на ноч грубку, добра было і так. Праўда, была жывёла: карова, дзесятак курыц і парсючок у хляўку, іх трэба было пакарміць і дагледзець. У тым амаль што і ўвесь яе хатні клопат.