Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1» онлайн - страница 389

Васіль Быкаў

— Але я — легітымны старшыня…

— Мне напляваць і расьцерці, што ты легітымны. Калі трусіш — паможам. Мэйман!

Мэйман, які з прычыны недахопу кадраў даўно быў пракурорам, судзьдзём і «спалніцелем прыгавораў» у адной асобе, спрытна падскочыў да разгубленага Парэцкага і стрэліў у патыліцу.

— Хто яшчэ надта легітымны? — строга папытаўся Камандуючы. Мабыць, болей такіх не знайшлося, і Камандуючы холадна патлумачыў: —Наш прынцып ізьвесны: дабравольна, но абязацільна. Усе, хто любіць Беларусь, далжны ахвяраваць для яе. Правільна, беларусы?

— Правільна! — згодна, хоць і ня дужа гучна пранеслася над шэрагам.

— Я бароўся, усе бачылі. Бароўся, як зьвер. Сначала за інтэграцыю, патом за суверэннасьць. Так вынуждалі абстаяцільствы. Але я ня Бог, враг пабядзіў. Так што майце чэсьць, беларусы.

З шэрагу выйшлі два невялічкія вайскоўцы ў запэцканым камуфляжы, з аўтаматамі Калашнікава на грудзях.

— Мы гатовы, — ціха сказаў адзін, і Камандуючы бліснуў хцівым позіркам.

— Даўно ты далжон быць гатовы, грамадзянін Залябедзька. — Я табе гаварыл: плоха кончыш. А ты столька цянул. На дружка раўнялся?

— Мы не раўняліся. Мы са спадаром Ранчоркам належалі да розных партыяў і рухаў.

— Рухаў! — перадражніў Камандуючы. — Во дарухаліся. Удвох асталіся.

Амаль разам бухнулі два стрэлы. Пасьля строй зусім разбурыўся, некаторыя саступілі ўбок, пачулася яшчэ некалькі стрэлаў. На роснай траве паболела нерухомых целаў. Іх ня краталі, нікуды не прыбіралі. Нерашучыя стаялі з разгубленым выглядам. Перад невялічкаю купкай сваіх падначаленых Камандуючы аддаваў апошнія распараджэньні.

— I эта… Пагінем, дык нада, чтоб напісалі рэквіем. Перадайце мой указ Гучанку.

— Гучанок даўно ў Маскве. Другую зорку на тратуары абмывае.

— Прадацель! А так на задніх лапках плясаў…

Вусаты твар Камандуючага зрабіўся зусім суровы і змрочны.

— Ня трэба было яго пушчаць на Віцебскі базар. Хай бы сядзеў у Камаях, маліўся ды згарэў з уніятамі. Як Хадырка з Барадулям.

— А што — згарэлі? — з цікавасьцю папытаўся Камандуючы.

— Да тла.

— Тым лепш. А то — месца на Усходніх могілках, похараны… Гэтыя похараны разарылі мне гасударства.

— Рынкавая эканоміка, — змрочна канстатаваў Мэйман. — Ні ў якое сравненіе з сацыялістычнай.

— Сацыялістычная таксама не аптымальная. Я ведаю, — асьцярожна мовіў Старкевіч, апрануты ў шынель з пагонамі падпалкоўніка. — Як я камандваў ротай…

— Ты плоха камандваў, — адрэзаў Камандуючы. — І тады, і цяпер.

— А хто лепш? Я стараўся…

— Пастарайся ў пасьледні раз. Ну! Ці памагчы?

— Сам умею, — сказаў Старкевіч і адвярнуўся. Хутка бабахнуў пісталетны стрэл, і падпалкоўнік, сагнуўшыся, тыцнуўся галавой у траву.

— Во гэта іспалніцельнасьць! I ні слова вапракі. Дажа на беларускай мове. На мове! — грэбліва мовіў Камандуючы. — Кстаці, а гдзе Білевіч? Наўрад ці застрэліўся. Гэты балабон-няўмека за што ні возьмецца, усё праваліць. Столькі змагаўся за мову, і што? Нават трасянкі не дамогся. Гімна ня склаў. Я яму даручыў гімн Камандуючага, чтобы он ваадушаўляў масы. Далжон он был пастарацца. Так нет. Сабатажнік, он, ваш Білевіч!