Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1» онлайн - страница 387

Васіль Быкаў

Дык не. Генералам не хапала вайны.

Прычына таго — найперш ва ўзнагародах. Слушна было чакаць, што скончылася вайна — скончацца і ўзнагароды, бо завошта ж даваць баявыя арданы, калі няма ніякіх баёў? Але ж не. Што ж тады, сказалі некаторыя генералы, дажывеш да адстаўкі з голымі грудзямі? Не, не генеральскае тое жыцьцё. Урадоўцы прывыклі прыслухоўвацца да генеральскіх патрэбаў, бо і самі пачуваліся генераламі, хіба ў запасе. Было вырашана: хоць вайны і не было, але ўзнагароды генералам даваць, як і на вайне. Завошта? А хоць бы за манеўры, за вучэньні… За службовыя нарады і лічбавыя паказчыкі. Асобна за маладзецкі даклад і нябеднае застольле у гомар начальніцкага візіту. Сьпярша ўзнагароджвалі кіраўнікоў, а пасьля і ўсіх удзельнікаў — аж да буфетчыка і афіцыянтак. Хутка на родных генералаў люба стала глядзець — іхнія грудзі і без вайны зьзялі-праменілі іканастасам узнагародаў. У некаторых — бы ў Жукава.

Трохі болей складанай выпала праблема з зоркамі на пагоны. Усім хацелася зорак паболей і каб буйныя. Але самая буйная была адна ў войску і належала маршалу-міністру. I той ня надта хацеў, каб побач яшчэ былі маршалы. Іншая справа генерал-палкоўнік, гэтых яшчэ можна было трываць і побач. Тады ўсе генералы рынуліся ў генерал-палкоўнікі. Калі іх набраўся не адзін полк, у сталіцы менавіта для іх збудавалі айчынны Пентагон — трэба ж было ўсіх рассадзіць па ўтульных кабінетах. Але на ўсіх Пентагону ўсё ж не хапіла, нямала засталося ў іншых гарнізонах, і гэтыя, ня маючы кабінетаў, патрабавалі войска. Калі ж войска не давалі, генералы лезьлі ў палітыку, дзе нарабілі нямала тлуму. У краіне стварыўся яўны перакос сілаў — генералаў зашмат, а салдатаў мала. Дзе было браць салдатаў?

Салдатаў у войску традыцыйна не шанавалі (апроч аднаго, невядомага), зорак ім не давалі, кармілі кепска. Больш за сто гадоў войска насіла грубы замызганы шынелак перыяду знакамітай трыяды. Ды яшчэ сталі пасылаць на дзіўную вайну ў курортныя мясьціны, дзе салдатаў жорстка забівалі, а хаваць не было каму.

Інтэграцыя

Фантастычны аповед

Рэшта незалежніцкага беларускага войска засяродзілася на хваёвым узьлеску. Наперадзе ляжала летняя, у красках лугавіна з крывулястаю рэчкай пасярэдзіне. За ёй на палявых схілах стаіліся расейцы.

Беларусы трывалі паразу — не адну, а шэраг паразаў запар, і ня дзіва. Ваяваць з кантрактнікамі, якім плацілі шалёныя грошы ў далярах, было няпроста. Асабліва, калі ў іхняй краіне на вайне толькі і мажліва было зарабіць. У беларусаў жа даляраў не было, — былі адны «зайцы». Зноў жа іхняя вайна падпала пад ранг тэрарыстычнай, і беларусы спадзяваліся хіба на ўласны патрыятызм і нацыянальную сьвядомасьць, якую горача прапагандаваў вернуты з-за рубяжа Зянон Спазьняк. Вярнуў яго Камандуючы, маршал, які ўзначаліў барацьбу за незалежнасьць гэтак жа апантана, як нядаўна змагаўся з адыёзнай «самасьційнасьцю». Некаторыя зьдзіўляліся, а бальшыня ўбачыла ў той палітычнай зьмене чарговы хітраванскі выверт любімага кіраўніка.