Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9» онлайн - страница 374

Васіль Быкаў

Экзэмпляр сцэнарыя захаваўся ў Архіве В. Быкава (Гродна) — 67 машынапісных і 2 рукапісныя старонкі са шматлікімі праўкамі, рукапіснымі і машынапіснымі ўклейкамі. На першай, машынапіснай старонцы пазначана імя аўтара, ніжэй назвы «Двое в ночи» — «Киносценарий по повести „Сотников“». На другой, уверсе, двойчы напісана сінімі чарніламі — «Двое в ночи», ніжэй ідуць перакрэсленыя чарнавая і затым чыставая рэдакцыі ўступу: «Это древняя, как мир, история…» і г. д. па тэксце.

Сцэнарый значна папраўлены В. Быкавым, аднак у першую чаргу звяртаюць на сябе ўвагу праўкі, на якія пісьменнік хутчэй за ўсё вымушаны быў пайсці, бо асобныя месцы ў сцэнарыі адзначаны алоўкам (вертыкальнай лініяй побач), і малаверагодна, што гэта зроблена В. Быкавым — магчыма, рэдактарам з кінастудыі, бо наўрад ці аўтар такім чынам самацэнзураваў свой твор; да таго ж практычна ўсе праўкі і ўстаўкі зроблены В. Быкавым сінім чарнілам двух адценняў, аловак жа для гэтай мэты ім практычна не выкарыстоўваўся. Падругое, сустракаюцца праўкі відавочна нелагічныя. Гэта тычыцца раптоўнага з’яўлення ў сцэнарыі вялікай колькасці немцаў, якія замяняюць перакрэсленых аўтарам паліцаяў (колькасць якіх, адпаведна, адразу памяншаецца), што падчас прыводзіць да нестыкоўкі асобных планаў сцэнарыя. Так, напрыклад, на двор да Дзёмчыхі, згодна з першай рэдакцыяй, прыходзяць тры паліцаі (10-ы раздзел), аднак В. Быкавым выпраўлена — «несколько немцев» і праз тры абзацы: «немцы уже вошли в сени». Паліцаі тут нават не згадваюцца, аднак размову «немцы» вядуць на рускай мове, і нават вядома імя аднаго з іх — Стась (праўда, далей у гэтым жа раздзеле В. Быкаў не выправіў «паліцаяў» на «немцаў»). Таксама паспешліва ўпісаны ў эпізод «гер Будила», пазнейшая характарыстыка якога («здешний палач. Это был буйволоподобный двухметрового роста детина с обезьяньей мордой и длинными руками») выкрэслена, відаць, з той прычыны, каб прама не ўказваць на «тутэйшасць» ката. Новыя персанажы-немцы з’явяцца і ў далейшым (напрыклад, падчас допыту Сотнікава Партновым у канцылярыю ўвойдзе шэф СД і паліцыі бяспекі), хоць іх няма ў аповесці і не было ў першай рэдакцыі сцэнарыя. Гэтае, падчас нічым неапраўданае, умяшальніцтва ў драматургічны твор было б цяжка матываваць, калі б ні прыведзенае вышэй сведчанне І. Дабралюбава:

«…кто-то такой ловкий, гадкий, мерзкий лейбл приклеил: мол, это сценарий не о Великой Отечественной войне, а „о гражданской войне в период Отечественной“».

Відаць, менавіта наяўнасць паліцаяў і ўказвала цэнзарам на матыў грамадзянскай вайны ў сцэнарыі. Трэба думаць, з-за гэтага аўтар і пачаў «пазбаўляцца» ад паліцаяў. Заўважым, што яшчэ падчас падрыхтоўкі аповесці да друку і ў прыватнасці пры яе абмеркаванні на рэдкалегіі часопіса «Полымя» 17 жніўня 1970 г. І. Пташнікаў закінуў аўтару «Сотнікава» папрок, быццам у творы «занадта многа нашых. Мала немцаў», а А. Вялюгін адзначыў, што «ў Б[ыкава] змаганне з 3[-яй] сілай як у грамадзянскую вайну — быў Камінскі, быў Гіль […]». Але ў той раз падобныя прэтэнзіі не мелі сур’ёзных наступстваў, хаця П. Кавалёў і І. Пташнікаў, абагульняючы заўвагі па аповесці, звярталіся да яе аўтара: «Хацелася, каб Вы абавязкова паказалі больш галоўных віноўнікаў усёй трагедыі — фашысцкіх захопнікаў, а не мясцовую паліцыю: вядома, што паліцаі былі толькі фашысцкімі паслугачамі і г. д.». І хаця В. Быкаў побач з гэтым пунктам пазначыў алоўкам «болей немцаў», аднак колькасць немцаў ён павялічыў толькі ў сцэнарыі.