Читать «Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі» онлайн - страница 8

Павал Севярынец

У Беларусі бяз Бога няма пэрспэктывы.

Так будзе дарэчы разьвязаць і вострае канфэсійнае пытанне. У сёньняшняй Беларусі ня мае сэнсу вылучаць якуюсьці "адзіна правільную" хрысьціянскую канфэсію: шчырых вернікаў багата ў розных цэрквах. Нацыянальнай ідэі на гэтым этапе хутчэй адпавядае поліканфэсійнасьць як прынцып. Гістарычныя спробы падпарадкаваць беларусаў адной манапольнай царкоўнай традыцыі ня мелі посьпеху – больш за тое, самае актыўнае духовае жыцьцё увесь час выяўлялася ў месцах сустрэчы, узаемапранікненьня, дыялёгу, калі заўгодна, канкурэнцыі каталіцтва, праваслаўя, пратэстанцтва й уніі, а ў апошні час – эвангелізму. Можа быць, менавіта поліканфэсійнасьць – вырашальны унікум Беларусі. Розныя формы й характары адзінае ўсеабдымнае, унівэрсальнае ідэі – гэта якраз той выбар між добрым і яшчэ лепшым, неабходны й сучаснаму чалавеку, і цяперашняму грамадзтву. Хрысьціянства не падзеленае, наадварот: хрысьціянаў усяго сьвету лучыць любоў між сабою. А любоў між сабою – гэта аб'яднаньне нацыі. Толькі агульнай, адзінай хрысьціянскай ісьціне ў суіснаваньні ды ўзаемадапаўненьні розных канфэсіяў, толькі любові адно да аднаго пад сілу аб'яднаць беларусаў у нацыю, вартую моцнай і незалежнай дзяржавы.

Нацыянальная ідэя, якая ня дзеліць грамадзтва на ўсходнікаў і заходнікаў, на сьвядомых і несьвядомых, на лукашыстаў і апазыцыю; ідэя, якая бачыць у кожным з нас чалавека, здольная аб'яднаць усе 10 мільёнаў беларусаў – гэта ідэя, якую найпрасьцей выразіць словамі:

"БЕЛАРУСКАЯ ФОРМА – ХРЫСЬЦІЯНСКІ ЗЬМЕСТ".

Ці, іншымі словамі: найлепшая беларуская мова, культура, традыцыя, дзяржава, беларускія тэмы й вобразы, беларуская прастора й беларускі час – для найвышэйшага, Божага сэнсу, які іх напаўняе. Уся дзейнасьць нацыянальнага руху мусіць мець імпэратывам гэтую простую формулу: беларуская форма – хрысьціянскі зьмест.

Таму асноўныя задачы нацыянальнай ідэі – хрысьціянізацыя беларусаў і беларусізацыя хрысьціянаў.

Хрысьціянства – і як сыстэма каштоўнасьцяў, і як аснова здаровага нацыянальнага сьветапогляду, і ўвогуле як вобраз найэфэктыўнейшага жыцьця – павінная стаць альтэрнатывай бездуховаму саўковаму рэжыму й грамадзкаму упадку. Так было ва ўсім сьвеце. Так будзе й у Беларусі. Шчасьлівыя сем'і, здаровыя дзеці, непітушчыя працаўнікі, якія ня крадуць і ня хлусяць, адказныя й прыстойныя людзі – гэта веруючыя. І найпершая патрэба сёньняшняга часу – надаць такім беларускім хрысьціянам нацыянальны характар, а ўсяму патрыятычнаму руху, у сваю чаргу, хрысьціянскую сутнасьць. Нацыянальная ідэя, якая сёньня можа падняць усё грамадзтва, вызваліць грандыёзныя сілы дзесяцімільённага народу, заключаецца ў духовым абуджэньні адначасова зь беларусізацыяй. Найлепшая, самая сучасная палітыка, эканоміка, культура будзе вынікаць толькі з душы, з усьвядомленага хрысьціянскага сэнсу існаваньня – і тады нас чакае вялікая будучыня, закладзеная Творцам у нашую краіну.