Читать «Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі» онлайн - страница 6
Павал Севярынец
Штосьці найвышняе ёсьць у гэтай пяшчотнай беларускай цярплівасьці, у гэтай вечна вінаватай усьмешцы. Пасьля ўсіх зьдзекаў, катастрофаў і кашмарнага генацыду гэта ўражвае, аж да дрыжыкаў. Гэта ня проста забітасьць, і не забытасьць. Гэта нашмат глыбей. Беларус, братка. Братні народ. Не такія ўжо пустыя словы, як здаецца – ці ня праўда?
“На Беларусі Бог жыве” – казаў Караткевіч, вялікі прарок. Ягоныя вершы й проза гучаць так узвышана й на першы погляд наіўна, але ў караткевіцкай простай мудрасьці прадоньне сэнсу. І нават болей: у ім вера. Бель Белай Русі змушае ўспомніць анёлавы крылы.
Гэта праўда: усе канфэсіі, якія прыходзілі ў Беларусь, раптоўна гублялі свой агрэсіўны зарад, і запавольваліся, і нямелі перад гэтай сапраўднай незямной сілай. Для фармальнае рэлігіі ўраз губляліся ўсе арыентыры, і непарушныя догмы дымам распушчаліся ў паветры. Гэта тут юдэі мірна суседзілі з мусульманамі, тут сьсякла магутная плынь кальвінізму, тут загрузла падбрушша праваслаўя, і энэргічныя айцы-езуіты няўцямна блукалі ля тлеючых паганскіх вогнішчаў, спрабуючы ўразумець, у чым жа рэч.
Самая вялікая цяжкасьць для ўсіх дасьледнікаў беларушчыны заўжды была ў тым, што беларуская нацыянальная ідэя – фэномэн у значна большай ступені духовы, чым этнічны або тэрытарыяльны. Няўлоўны. Бясплотны. Камусьці здаецца, прывідны. Можна зразумець іх адчай: з усіх матар'яльных каштоўнасьцяў за 1000-гадовую гісторыю Беларусі ацалеў хіба 1%. Астатняя прапала, вывезена, зьнішчана. Але духовасьць, Слова, самая сутнасьць Беларусі захоўваецца! Ідэя, ідэал, які разьмяшчаецца не ў музэі, ня ў сэйфе, а ў сэрцы – вось ён!
Беларусь застаецца краінай велізарнага патэнцыялу. Куды больш краінай магчымасьці, чым краінай рэальнасьці. Таму кожны беларус – гэта ўвасабленьне стоенай сілы. Спакойнай, моцнай, унутранай, засяроджанай магутнасьці. Яна выяўляецца толькі тады, калі беларуса дастаюць да глыбіні душы, і вызваляецца як тэрмаядзерная энэргія пры расшчапленьні атама ў рэактары.
Вызначальнай рысай беларускай гісторыі й сутнасьцю ўсёй беларускасьці было й ёсьць імкненьне да найвышняга, Божага, хрысьціянскага – а гэта родавая прыкмета эўрапейскасьці. Беларусь ("белая" – чыстая, вольная, сьветлая) зьявілася на гістарычнай арэне з прыняцьцем хрысьціянства ў Х стагодзьдзі. Полацк, Смаленск, Тураў ХІІ ст., выхапленыя зь цемры вераю, далі Ўсходняй Эўропе вялікіх эвангельскіх падзьвіжнікаў: Эўфрасіньню, Клімэнта й Кірыла. Галоўным чыньнікам цэласнасьці дзяржаўнасьці ў нас заўжды быў лад паміж канфэсіямі, сам "выбар веры" меў геапалітычнае значэньне, а законы нашага "Залатога веку" – ХVІ стагодзьдзя – сталіся непасрэдным наступствам духовага ўздыму: масавага друку Сьвятога Пісьма, эвангелізацыі й прабуджэньня народу, які шукаў Бога ў плынях праваслаўя, каталіцтва й Рэфармацыі. І ў стагодзьдзях акупацыяў, і ў гадох Адраджэньня вядучую ролю адыгрывалі ня зброя й ня грошы, а Слова і Дух. Беларусы перамагалі выключна па-хрысьціянску – увесь час аддаючы й ахвяруючы, шляхам пакутаў і любові. Беларусь памірала й уваскрасала пад бел-чырвона-белым сьцягам Хрыста.