Читать «Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі» онлайн - страница 2

Павал Севярынец

Раз-пораз здаецца, што яшчэ сэкунда, і мы вось-вось спасьцігнем, скрышталізуем для сябе гэты момант ісьціны: настолькі празрыстая яго сутнасьць, настолькі ясна пабліскваюць, граюць грані чагосьці ідэальна цэласнага, так працінае – да іскрыстых сьлёзаў, да галюцынацыяў. І я ўвесь час паўтараю сам сабе: Беларусь, у якой мы маем гонар жыць, чакае вялікая будучыня.

– Бо Беларусь – гэта пакутная, самаахвярная, самаадданая краіна, краіна, якой пастаянна балюча й якая, хутчэй за ўсё, ніколі ня стане шчасьлівай.

– Бо Беларусь – гэта краіна Новага Запавету: веры, надзеі, любові. Не ўзбуджэньне гневу, не нацыянальная пыха мусіць быць нашым дэвізам. Беларусы – носьбіты ўнікальнага, хрысьціянскага ў сваім прынцыпе духовага імпэратыву. Як гэта ня цяжка, нам трэба ўспрыняць, што краіна, як і чалавек, не павінна жыць для сябе. Яе задача – даць сябе іншым, і праз гэта сьцьвярджаць сваю веліч. Прасьвятляць і настаўляць аграмадную Расею, уздымаць Усходнюю Эўропу, надаваць талеранцыі й натхненьня Захаду – на нашым сумленьні. Так павялося спрадвеку, так будзе й далей.

– Урэшце, Беларусь паклiканая лучыць і вучыць увесь кантынэнт, у болях спараджаючы ўсё новыя й новыя хвалі духовага ўплыву. Гэта краіна геніяльнага Міжмоўя, дзе чыста беларускі элемэнт выконвае ролю магічнага крышталю, люстранага пачатку каардынатаў. У яго фокусе сыходзяцца элітарныя культуры й масавыя псыхозы паловы Эўропы. Тэлевізія, інфармацыйныя тэхналёгіі й выбух камунікацыяў III тысячагодзьдзя здольныя даць нам сынтэз Новага Эўрапейскага Абуджэньня – той звышэфэкт, дзеля якога робіцца цяперашняя карпатлівая праца.

Беларускую нацыянальную ідэю як ідэалёгію спрабавалі выразіць і народнікі ХІХ ст., і нашаніўцы пачатку ХХ ст., і адраджэнцы найноўшага часу. Але большасьць спробаў у сілу акупацыі, нізкае самасьвядомасьці насельніцтва й слабасьці нацыянальнага руху ставіла за мэту давесьці самім беларусам і астатняму сьвету, што мы ёсьць. Што мы народ, ня горшы за іншых. Што гэта наша краіна – а ня ваша ўскраіна. Што мы маем права на ўласную дзяржаву. Зьмест гэткае ідэі ў сьціслым лёзунгу Купалы – “Людзьмі звацца”.

Пытаньні “А што мы за людзі?”, “Навошта мы тут?”, “Адкуль мы?”, “Куды ідзем?” і, урэшце рэшт, “У чым сэнс?” – пытаньні, на якія любая нацыя адказвае найперш, заставаліся на другім пляне. У выніку замест таго, каб сьцьвердзіць нацыянальную мэту, мы ўзводзілі на вяршыню гіерархіі першую ж нацыянальную задачу. Замест стратэгіі загрузалі ў тактыцы.

Мы дагэтуль перабіраем розныя імёны – Крывія, Вялікалітва, Белая Русь... Мы зацыкліваемся на Расеі-Маці, або Расеі-Ворагу. Замест беларускіх духовых імпэратываў мы шукаем пацьверджаньняў беларускае ваяўнічасьці, беларускай уладнай магутнасьці, беларускаму багацьцю й матар’яльнай велічы, – і, у канчатковым выніку, сваёй падобнасьці да іншых нацыяў. Між тым, нацыянальная ідэя – гэта адметнасьць.

Комплекс нацыянальнае непаўнавартасьці, вось як гэта называецца.