Читать «Прадыслава» онлайн - страница 38
Вольга Міхайлаўна Іпатава
Я ўжо старая. Старая! Божа, я ніколі не шкадавала дзён, якія незваротна праплывалі праз мяне і набліжалі тую мяжу, якая называеццасмерцю. Але цяпер... цяпер я гатова плакаць ад жалю, што прайшло, незваротна прайшло жыццё. Перамога астаецца за ім. Бо астаецца ён. Зямныя справы робяць зямныя людзі...»
Ей зрабілася млосна. Яна хацела ўстаць, але цяжкімі, як калоды, зрабіліся ногі, рукі, і яна зняможана адкінулася назад. Прагаварыла ціха, амаль нячутна:
— Хопіць яго з мяне, зямнога жыцця.
11.
Цені ад залатых крыжоў полацкай Сафіі ўжо дакрануліся лёгкіх, трохі пеністых хваляў на беразе Дзвіны. Потым яны зробяцца даўжэйшымі, папаўзуць да сярэдзіны ракі і згаснуць толькі з першай зоркай, якая праклюнецца на небе. Выехаўшы з Сяльца раніцай, Ефрасіння, хаця і стамілася за дзень, вырашыла пасядзець на беразе, а пасля праплыць у ладдзі, каб зірнуць у вячэрнюю ваду.
Яна надта любіла гэтае месца на беразе, ля Сафіі, якую з такой любоўю будаваў некалі дзед Усяслаў. Тут бегала яна дзяўчынкай-малечай, гукала вясну разам з карагодам дзяўчат, якім, як памятае, ледзь даставала тады да станікаў. Тут стаяла яна, прамачыўшы ўзорныя пантофлі, калі адплывалі ў ссылку ў Візантыю полацкія князі, якіх выслаў туды помслівы Мсціслаў за адмову ісці разам у паход на полаўцаў Тут жа ўпершыню прыйшло да яе вешчае бачанне: плыла ў лодцы і раптам ўбачыла, што ўваходзіць у ейную царкву на Палаце князь Рагвалод Барысавіч — а пасля таго неўзабаве і папраўдзе вярнуўся ён у Полацк са ссылкі і стаў вялікім кпязем замест бацькі, князя Барыса. Аднойчы, таксама на змярканні, убачыла яна ў вадзе, што схілілася над рукапісам манашка Еўпраксія, сястра стрыечная Звеніслава Барысаўна, і раптам запалала вакол, але пергамен не гарэў. Цішком запыталася пасля ў Еўпраксіі, ці не піша яна, часам, летапіс пра справы манастырскія, і тая ашаломлена прызналася, што піша, але нікому апроч Бога, пра тое не ведама, адкуль жа можа ведаць пра тое Ефрасіння?
Сёння ў Полацку было вялікае свята — хрысціла яна, ігумення, ажно дзвюх дзяўчынак, і абедзвюх, па жаданнях бацькоў, назвалі Ефрасіннямі. Адна з іх дачка вялікага князя Рагвалода Барысавіча, пляменніца, а другая — дачка галіцкага князя Яраслава Асмамысла, якую прывезла ў Полацк маці з просьбаю ад князя быць ейнай хроснай.
Радавалася душа ігуменні, што перадае Госпаду светлыя, яшчэ анёльскія душы. Народу было ў Сафійскім саборы столькі, што ажно да самай Дзвіны, не змясціўшыся ў храм, стаялі яны на каленях, калі выходзіла яна адтуль пасля хрышчэпня. Стаялі — бо чакалі яе бласлаўлення. Не епіскапскага... Пра вешчы дар, што дадзены ёй пад канец жыцця, аднекуль ведаюць у Полацку, і цяпер часта трывожаць яе людзі пытаннямі, што адбудзецца з імі. Цяжкі і страшны дар — прарочы, бо часам зусім не трэба зазіраць у будучае і ведаць яго. Але сёння захацелася Ефрасінні зрабіць гэта, бо нешта цяжкае, як бы і не адчувальнае, трывожыла яе душу. Але дар прароцтва дар капрызлівы. Ён можа і не адгукнуцца ў патрэбную хвіліну. Таму і прыйшла сёння на бераг Дзвіны ігумення, што лепш за ўсё глядзець у таямнічыя воды ракі на змярканні, калі хісткія цені мільгаюць няўлоўна і прыхаматліва і душа, настроеная на вечар і ноч, таксама нібы набывае таямнічасць і прычасце да незвычайнага.