Читать «Карусь Каганец: Кроў з крыві беларуса...» онлайн - страница 29

Алесь Пашкевіч

«Пайшоў да Бога адзін з нашых найстарэйшых піанэраў беларускага адраджэньня, пісьменьнік Каганец, — паведамляла газета «Беларускі шлях», якую рэдагаваў паэт і грамадскі дзеяч Алесь Прушынскі (Алесь Гарун). — Жыўшы ў адным з самых глухіх куткоў Беларусі, наш дарагі і паважаны таварыш тварыў свае найлепшыя беларускія песьні, якія цяпер паложаны на музыку. <…> У творах Каганца адбіваецца тая старасьвецкая Беларусь, атуленая пушчамі, лугамі, абвеяная казкамі мінулых зруйнаваных замчышчаў беларускіх князёў. <…> Карусь Каганец меў вялікі ўплыў на ўсіх маладых беларускіх пісьменнікаў сваім бязьмежным каханнем да роднага краю, роднай мовы. Ён лічыцца духоўным бацькам усіх прадстаўнікоў беларускага руху. <…> Маці Беларусь цябе ні забудзе, і твая сьветлая магіла будзе заўсёды красаваць вянкамі, паложанымі тваімі шчырымі братамі па працы і думках…» (Беларускі шлях, 1918, 24 мая).

Магіла Каруся Каганца сцішылася ў былым маёнтку продкаў Кастравіцкіх — Навасёлках, — бліз колішняй каплічкі-ўсыпальні дзядоў-прадзедаў. Усыпальні, якой яшчэ не крануліся рукі тых, «кто был никем». Усыпальні з тоўстай драўлянай столлю, з вузкімі вокнамі ў нізкіх сценах, з якіх яшчэ не пазбівалі партрэты ў дубовых рамах і пліты з вялікімі і скупымі надпісамі:

Michal Kostrowicki Podkomorzy… 1775–1853 Florentyna z Wojnilowiczow Kostrowicka Podkomorzyna… Mingo † 1848 Karol Kostrowicki marszalek… † 1853 Franciska z Janiszewskich Kostrowicka, 1752 – 1783 Fabina z Maszewskich Kostrowicka, 1828–1878

На шостай пліце быў родавы герб…

…А на простым дзірвановым бугорчыку слаўнага нашчадка роду Кастравіцкіх Каруся Каганца доўгі бальшавіцкі час не было нi крыжа, нi нават памятнага знаку. Толькі чырвоным сорамам гарэў на iм куст дзікага шыпшынніку...

У СУПЛЁЦЕ ЛЕГЕНДЫ I ЛЁСУ

Паданне аб якой-небудзь гістарычнай асобе, верагоднае ці выдуманае, называюць легендай. На жаль, у лёсе Каруся Каганца больш легендарнага, бо не было магмасці напоўніцу сцвердзіцца ягонаму таленту. І таму жыццё гэтага чалавека павінна ўспрымацца найперш як нацыянальна-мастацкі покліч, які на світанку змрочнага ХХ стагоддзя зваў да светлай беларускай працы новыя плеяды наступнікаў.

Але творы Каруся Каганца — не толькі гісторыка-літаратурны факт. Яны адкрывалі новыя шляхі развіцця беларускай літаратуры, а іх аўтар стаў своеасаблівым селекцыянерам беларускага мастацтва ХХ ст. Ён зрабіў для беларускай літаратуры амаль тое ж, што ў ХІХ-м для летувіскай — Антанас Баранаўскас. Імкнучыся даказаць палякам, што летувіская мова — не «мужыцкая», што яна мае багаты арсенал выяўленчых сродкаў, апошні напісаў вядомую паэму «Анікшчанскі бор». З многіх вершаў Каруся Каганца можна скласці падобную паэму, якая ў каларытных моўна-выяўленчых фарбах узнаўляе-перадае прыгажосць і веліч прыроды нашага краю.

Жыццёвыя абставіны Каруся Каганца складваліся так, што для «шліфоўкі» напісанага не было ні часу, ні ўмоў. Ён — яскравы прыклад нязбытных магчымасцяў мастака-беларуса. Чытаць Каруся Каганца сёння — нібы чытаць лёс нашага народа: лёс і калекі, і барацьбіта, і адкрывальніка, і вязня, і мастака, і аратая-сейбіта…